Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У найбліжэйшыя дні адмоўлюся ад грамадзянства». Сахашчык расказаў пра свае сувязі з Расеяй і адказаў Белаконеву


Валер Сахашчык
Валер Сахашчык

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык расказаў у інтэрвію Свабодзе, як ён зьвязаны з Расеяй і ці можа гэта паўплываць на яго працу.

Фатаздымкі з расейскім пашпартам на імя Валера Сахашчыка невядомыя разаслалі шэрагу незалежных беларускіх СМІ 13 верасьня. Сам Сахашчык пацьвердзіў, што ў яго сапраўды ёсьць расейскае грамадзянства. З Расеяй у прадстаўніка Кабінэту зьвязаная вялікая частка жыцьця. Ён вучыўся ў Маскоўскім агульнавайсковым вучылішчы, так званай «крамлёўцы». Пасьля служыў у Забайкальлі і ГДР. Менавіта прывязка да вайсковых часткі у ГДР, якая была пад юрысдыкцыяй Расеі, і дала падставу аўтаматычна атрымаць расейскі пашпарт пасьля развалу СССР. Заставацца тады ў Расеі Сахашчыку ніхто не прапаноўваў, і ён вырашыў вярнуцца на радзіму.

«Ціханоўскай я дастаткова шмат чаго не пасьпеў сказаць»

Наяўнасьць расейскага грамадзянства ў чальца Кабінэту стала нечаканасьцю і для Сьвятланы Ціханоўскай, якая прызначала яго на пасаду. Усіх чальцоў «пераходнага ўраду» нібыта загадзя правяраў Байпол. Але на нашае пытаньне, ці ведалі там пра расейскі пашпарт Сахашчыка, прадстаўнік Байпола і калега Сахашчыка па Кабінэце Аляксандар Азараў адказаў, што ня можа гэтага камэнтаваць. Цяпер, паводле Азарава, праводзіцца праверка Сахашчыка па факту зьяўленьня пашпарта.

«Я ніколі не хаваў гэтага факта. Пра яго ведаюць дастаткова шмат людзей. Ціханоўскай я дастаткова шмат чаго не пасьпеў сказаць. Мы не пасьпелі абмеркаваць нават глябальныя стратэгічныя пытаньні», — сказаў Свабодзе сам Сахашчык.

На пытаньне, што яму дала ў жыцьці наяўнасьць расейскага пашпарта, палітык адказаў коратка: «Нічога». Па ягоных словах, пашпарт выкарыстоўваўся выключна для паездак у краіны Афрыкі і Ўсходу, дзе будаўнічая фірма Сахашчыка рэалізоўвала кантракты.

Дзякуючы «Кібэрпартызанам», якія летась скапіявалі базу МУС Беларусі з пашпартнымі дадзенымі беларускіх грамадзян і іншай інфармацыяй, мы прасачылі ўсе падарожжы Сахашчыка зь ягоным расейскім пашпартам, якія зафіксавалі беларускія памежнікі. У базе прадстаўленая інфармацыя ад 2004 да 2020 году. Зь яе вынікае, што Сахашчык карыстаўся расейскім пашпартам два разы, у 2010-м і 2012-м, для паездкі на Блізкі Ўсход і ў 2011-м адзін раз для паездкі ў адну з постсавецкіх краін. Больш актыўна ён карыстаўся расейскім пашпартам зь сярэдзіны 2013 да пачатку 2017 году. Па словах самога Сахашчыка, тады ён шмат часу праводзіў па працы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (у той час паміж Беларусьсю і ААЭ існаваў візавы рэжым. Яго скасавалі летась. — РС), дзе будаваў некалькі заводаў. Атрымаць рэзыдэнцкую візу ў расейскі пашпарт, па яго словах, было значна прасьцей. З Эміратаў ён неаднаразова лятаў у Польшчу, дзе рэалізаваў праект у горадзе Радам, па расейскім пашпарце з польскай візай. З гэтым жа пашпартам ён заяжджаў у Беларусь.

З 2017 году ў базе МУС не зарэгістравана аніводнай паездкі Сахашчыка з расейскім пашпартам. Гэта супадае з тым, што сказаў сам палітык у інтэрвію Свабодзе. З таго часу ён большасьць часу пражываў у Польшчы і карыстаўся беларускім пашпартам.

Тэрмін дзеяньня расейскага пашпарта Сахашчыка канчаецца ў кастрычніку гэтага году. Паводле палітыка, па новы ён зьвяртацца ня будзе і зьбіраецца адмовіцца ад расейскага грамадзянства.

«Я гатовы гэта зрабіць. У бліжэйшыя дні я накірую заяву (пра выхад з грамадзянства. — РС) у пасольства Расейскай Фэдэрацыі ў Варшаве», — сказаў Сахашчык.

«Ні з кім з ФСБ я кантактаў ня меў»

У сацыяльных сетках прадстаўніка Аб’яднанага кабінэту Свабода знайшла допіс з 2021 году, дзе палітык згадвае пра ўдзел у будаўніцтве Памежнага інстытуту ФСБ у Калінінградзе. Сахашчык пацьвердзіў, што гэта сапраўды ягоны допіс, і патлумачыў дэталі:

«Там напісаная праўда. Але ні з кім з ФСБ я кантактаў ня меў. Генпадрадчыкам была звычайная будаўнічая кампанія. Я пастаўляў зь Беларусі матэрыялы сваёй вытворчасьці і мантаваў канструкцыі зь іх».

Паводле палітыка, ён ніколі ня меў нічога супольнага зь дзяржаўнымі заказамі і працаваў выключна ў рынкавым асяродзьдзі. У той час кампанія палітыка шмат будавала і ў Афрыцы. Мы пацікавіліся, ці лёгка там атрымаць кантракты на будаўніцтва.

«Кантракты атрымаць лёгка. А вось грошы за іх выкананьне — складана. Цяпер я працую толькі ў Эўропе», — кажа Сахашчык.

«У традыцыях рускага афіцэрства сапраўды ёсьць вельмі шмат добрага»

У 2016 годзе ў адным з інтэрвію Сахашчык сказаў, што шануе традыцыі «рускага афіцэрства». У ягоных сацыяльных сетках ёсьць стары допіс, у якім палітык піша пра пахаваньні афіцэраў, дзе на магілах імёны «всей России — от Минска до Иркутска». Мы спыталі ў Сахашчыка, чаму ў ягоных допісах Расея — такая важная краіна?

«Так, я быў выхаваны на лепшых традыцыях рускага афіцэрства. У іх сапраўды ёсьць вельмі шмат добрага. А ў 1877 годзе, калі адбываліся баявыя дзеяньні на Шыпцы, усе пералічаныя гарады былі ў складзе Расейскай імпэрыі. Гэта проста карэктны выклад гістарычных фактаў», — адказаў Сахашчык.

У лютым 2022 году Сахашчык выступіў супраць вайны, якую пачалі менавіта расейскія афіцэры. Пасьля гэтага некаторыя сябры назвалі яго здраднікам, хтосьці, паводле палітыка, захаваў нэўтралітэт, а «найбольш дарагія сябры ўхвалілі і падтрымалі». Ён кажа, што шмат ягоных сяброў ваюе цяпер на баку Ўкраіны. «Зь іншага боку ня ведаю нікога», — гаворыць падпалкоўнік запасу.

У сацыяльных сетках некаторыя крытыкуюць палітыка за подпіс да фатаздымку ў «Аднаклясьніках» у 2017 годзе падчас адпачынку ў Гішпаніі. Сахашчык напісаў, што адпачывае з жонкай у сталіцы геяў (у арыгінале было іншае слова. — РС). На пытаньне аднаго зь сяброў у сацыяльнай сетцы, ці не чапляюцца тыя да яго, Сахашчык напісаў, што ён з жонкай, а калі б нешта такое адбылося, то «крышыў бы чарапы». На пытаньне Свабоды, чаму ён так напісаў, Сахашчык патлумачыў, што гэта быў жартаўлівы допіс, а сябе назваў талерантным чалавекам.

«З усяго, што было агучана Белаконевым, праўдай зьяўляюцца толькі маё імя і прозьвішча»

Сахашчык 30 гадоў сябраваў з генэрал-маёрам Алегам Белаконевым, былым начальнікам Генштабу Беларусі, зацятым абаронцам Лукашэнкі, «рускага міру» і дзеяньняў расейскай арміі ва Ўкраіне. Мы спыталіся ў Сахашчыка, як ён прайшоў шлях ад асобы, якая сябравала зь Белаконевым, да чальца каманды дэмакратычных сілаў, якога хваліць Зянон Пазьняк.

«Я пасябраваў зь Белаконевым, калі ён быў капітанам. Мы абодва былі выдатнікамі і фанатамі службы, гэта нас і зблізіла. За 30 гадоў, якія прайшлі з таго часу, кожны з нас ішоў сваёй дарогай і мяняўся падчас гэтага руху. Я рабіў бізнэс у свабодных краінах і падарожнічаў па сьвеце. А ён праходзіў працэс штучнага адбору ў сыстэме беларускага войска», — кажа Сахашчык.

Ужо пасьля прызначэньня Сахашчыка ў Аб’яднаны кабінэт Белаконеў раскрытыкаваў яго кампэтэнцыі, назваўшы ў інтэрвію «малышом», які не разумее, як адбываецца кіраваньне дзяржавай і бясьпекай, а таксама залежным ад грошай і хцівым. Мы папрасілі Сахашчыка пракамэнтаваць словы Белаконева.

«Калі паслухаць мой выступ, то я гаварыў пра сыстэму сувязі і кіраваньня войскамі. Белаконеў чамусьці пераскочыў на іншую тэму. З усяго, што было агучана Белаконевым, праўдай зьяўляюцца толькі маё імя і прозьвішча. Прычым хлусіў ён наўмысна, ведаючы, як ёсьць насамрэч. Напрыклад, ён ведаў, што пасьля вайсковай службы я яшчэ скончыў Акадэмію кіраваньня пры Прэзыдэнце РБ з чырвоным дыплёмам, а гаворыць пра недахоп маёй адукацыі. Дапускаю, што мог ня ведаць пра курсы MBA і некалькі іншых навучальных курсаў. Што да маёй прагнасьці, то я 4 гады кіраваў брыгадай не маючы жыльля. Я дагэтуль прапісаны ў вайсковай частцы, дзе камандаваў. Я жыў у дачным доміку, дзе нарадзіў і выхаваў дзяцей».

У згаданым інтэрвію Белаконеў кажа, што сын Сахашчыка ня здаў выпрабаваньні на «Доблесьць і Майстэрства». Тым часам палітык прадставіў Свабодзе грамату і пасьведчаньне ягонаму сыну, якія падпісваў сам Белаконеў: грамата — «За прафэсійнае і ўзорнае выкананьне воінскага доўгу з уручэньнем знаку „Доблесьць і майстэрства“», і пасьведчаньне аб узнагароджаньні гэтым знакам.

«Але што да сыстэмы сувязі і кіраваньня войскамі. Яе эфэктыўнасьць у расейскай арміі паказалі вынікі баявых дзеяньняў ва Ўкраіне — больш за 10 забітых генэралаў, сотні старшых афіцэраў і ўвогуле вялізныя страты афіцэрскага складу. Гэта ўсё менавіта з прычыны састарэлых сродкаў сувязі і апрацоўкі інфармацыі, — дадае Сахашчык. — У беларускіх Узброеных Сілах гэтыя рэчы выглядаюць, мякка кажучы, ня лепшымі. Я гаварыў менавіта пра гэта. І адчуў расчараваньне ад таго, што чалавек, які ўзначальваў Генэральны Штаб, не разумее такіх элемэнтарных рэчаў».

Пасьля таго як Сахашчык заклікаў беларускіх вайскоўцаў не выконваць загад ісьці ваяваць ва Ўкраіну, калі такі будзе, Белаконеў запісаў да яго зварот і папрасіў адказаць на пытаньне: калі Сахашчык быў шчырым — калі сябравалі ці цяпер, калі палітык выступае супраць вайны і далучыўся да апазыцыі? Гэтае пытаньне мы задалі і самому Сахашчыку.

«Я звычайны грэшны чалавек. І нарабіў у жыцьці шмат памылак. Але я заўсёды быў паталягічна сумленным і шмат ад гэтага пакутаваў. Бракавала хітрасьці ў шматлікіх жыцьцёвых сытуацыях. Адказваць Белаконеву ня бачу сэнсу пасьля яго выказваньня аб тым, што за аднаго „нашага“ трэба забіваць 20 ці 100 „БЧБ-шнікаў“. Гэта кажа дэпутат вышэйшага заканадаўчага органа краіны, які ўвогуле павінен быць самым строгім абаронцам законнасьці. Што ўвогуле ў яго ў галаве? У нас у краіне вайна? Ты працуеш у акупацыйнай адміністрацыі? Я ня ведаю, пра што размаўляць з гэтым чалавекам», — сказаў Свабодзе Сахашчык.

Мы зьвярнуліся ў Аб’яднаны пераходны кабінэт з пытаньнем, ці пасьля выпадку з пашпартам Валера Сахашчыка там прынялі нейкія новыя правілы праверкі людзей, якіх прызначаюць на пасады прадстаўнікоў. Намесьнік старшыні кабінэту Валер Кавалеўскі адказаў, што гэтае пытаньне ўжо абмеркаванае:

«Правілы неабходна удасканальваць. Калі яны будуць распрацаваныя, тады кабінэт прыме іх, каб кіравацца імі ў будучым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG