«Мог выехаць у Польшчу, але пайшоў служыць ва ўкраінскае войска». Што вядома пра затрыманага ва Ўкраіне беларускага добраахвотніка

Юры Белавусаў (справа) з пабрацімам

Пячэрскі раённы суд Кіева ўзяў пад варту грамадзяніна Беларусі Юрыя Белавусава, які з жніўня служыў на падставе кантракту ва Ўзброеных сілах Украіны і ўдзельнічаў у баях за вызваленьне ад расейцаў паўднёвых тэрыторый Ўкраіны.

Па рашэньні суду беларус будзе знаходзіцца ў сьледчым ізалятары цягам двух месяцаў. А ў выпадку, калі апэляцыйны суд пацьвердзіць гэтае рашэньне, знаходжаньне Белавусава пад вартай могуць падаўжаць кожныя два месяцы.

Свабода зьвязалася з адвакатам Юрыя Белавусава, каб даведацца падрабязнасьці і прычыны затрыманьня.

Прыехаў на суд з фронту, і яго арыштавалі

Адвакат беларускага добраахвотніка Дзьмітро Білаўчук паведаміў, што Юрыя Белавусава затрымалі ў рамках крымінальнай справы, якую завялі ў 2020 годзе праз абвінавачаньне ў выкраданьні і катаваньні чалавека.

Гэтую справу суд разглядае ўжо два гады. Да пачатку вайны беларус не прапускаў ніводнага судовага пасяджэньня ў гэтай справе, але ў жніўні і верасьні ўпершыню не зьявіўся.

«Калі пачалася вайна, Юры, знаходзячыся ў Адэсе, зьвярнуўся ў камісарыят, удзельнічаў у тэрытарыяльнай абароне, а пазьней падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны і пачаў вайсковую службу. Пячэрскі раённы суд, які разглядае ягоную справу, выклікаў яго на пасяджэньні, калі ён ужо служыў», — сказаў Дзьмітро Білаўчук.

Паводле яго, у пэрыяд з 8 жніўня па 1 кастрычніка Белавусаў знаходзіўся непасрэдна ў зоне баявых дзеяньняў і ня мог самавольна пакінуць вайсковую частку.

«Але суд палічыў гэта няважнай прычынай і накіраваў запыт у вайсковую частку. На гэтай падставе яму дазволілі выехаць з вайсковай часткі, ён прыехаў у суд, а пракурор падала хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня, бо ён не зьяўляўся на суд, хоць апошнія два пасяджэньні ён знаходзіўся ў зоне баявых дзеяньняў», — удакладніў адвакат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ніхто ніякіх тэрактаў не плянаваў». Экс-камандзір украінскага батальёну «Данбас» пра вырак групе Аўтуховіча

Камандзір хацеў узяць Белавусава на парукі

Адвакат Белавусава кажа, што ва Ўкраіне ў выпадку мабілізацыі абвінавачанага ці падазраванага ў злачынстве разгляд справы ў судзе мусіць спыніцца да моманту звальненьня чалавека з войска.

«Але гэта абмежаваная норма — справы спыняюцца ў тым выпадку, калі чалавек мабілізаваны, а Юры служыць на падставе кантракту, бо ня мог быць прызваны па мабілізацыі як грамадзянін Беларусі. Але гэта павінна быць уважлівай прычынай для няяўкі ў суд, бо ён служыць паводле кантракту і ня можа самавольна пакідаць вайсковую частку, інакш гэта можа быць расцэнена як крымінальнае злачынства, а ва ўмовах ваеннага становішча гэта цяжкае крымінальнае злачынства», — паведаміў юрыст.

Дзьмітро Білаўчук дадаў, што на пасяджэньне суду прыяжджаў і камандзір Белавусава.

«Ягоны ротны прасіў суд дазволіць яму ўзяць Юрыя на парукі, але суд нават не захацеў вызначаць асобу гэтага камандзіра. І не прыняў да разгляду гэтую заяву, сказаў, што ня ведае, хто гэта. Чамусьці такое перадузятае стаўленьне суду ў гэтай справе да Юрыя, хоць ніякіх падстаў для гэтага няма — да пачатку вайны ён зьяўляўся на ўсе пасяджэньні», — падкрэсьліў адвакат.

«Юры мог бы пасьля пачатку вайны выехаць за межы Ўкраіны, напрыклад у тую ж самую Польшчу, і спакойна жыць, але замест гэтага ён пайшоў абараняць Украіну», — паведаміў абаронца Белавусава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіеўскі суд завочна асудзіў расейскага вайскоўца да 9 гадоў турмы. Гэта першы завочны прысуд за ваенныя злачынствы ва Ўкраіне

У чым абвінавачваюць Белавусава

Паводле адваката, Юры Белавусаў абвінавачваецца ў выкраданьні і катаваньні чалавека. Але ён ня змог удакладніць фабулу абвінавачаньня.

«Гэта лепш запытаць у Юрыя, але, наколькі я ведаю, канфлікту як такога не было», — сказаў адвакат.

Паводле яго, вядзецца пра факт, які нібыта меў месца ў 2017 годзе.

«Нібыта ў часе сваркі вывезьлі чалавека і нібыта прымушалі рабіць нейкія дзеяньні. Гэта было нібыта ў 2017 годзе, а пацярпелы зьвярнуўся з заявай толькі ў траўні 2020 году. Такія злачынствы ўвогуле не прадугледжваюць трыманьня пад вартай, а ў Юрыя быў фінансавы заклад у памеры 42 тысяч грыўняў і ён пастаянна хадзіў на суды. Справа цягнулася таму, што пракурор ня мог прадаставіць арыгіналы дакумэнтаў ці сам пацярпелы не зьяўляўся ў суд», — расказаў Дзьмітро Білаўчук.

Адвакат паведаміў, што яшчэ адзін фігурант гэтай справы — Юры Іёнаў, вядомы баец батальёну «Азоў» 2014 году. Але ён загінуў сёлета пры абароне Марыюпалю.

«„Таксіст“ [пазыўны Іёнава. — РС)], які нядаўна загінуў у Марыюпалі і атрымаў ад прэзыдэнта ордэн „За мужнасьць“ трэцяй ступені пасьмяротна», — сказаў адвакат беларуса Дзьмітро Білаўчук.

Што вядома з матэрыялаў крымінальнай справы

У часе расьсьледаваньня сьледчыя вызначылі, што ў сьнежні 2017 году Юры Белавусаў і Юры Іёнаў ехалі на аўтамабілі BMW па Кіеве, і, праяжджаючы па адной з цэнтральных вуліц, выехалі на пешаходную зону. Адзін зь мінакоў зрабіў ім заўвагу. У адказ яны заштурхалі таго ў аўтамабіль на задняе сядзеньне.

«Сеўшы ў аўтамабіль, АСОБА_1 дастала прадмет, вонкава падобны да пісталета, для яго дэманстрацыі пацярпеламу, з мэтай пагрозы ягонаму жыцьцю і здароўю, учыніўшы пры гэтым рэальную пагрозу ягонаму жыцьцю небясьпечным для жыцьця і здароўя спосабам», — адзначаецца ў адным з ранейшых судовых рашэньняў у справе, калі суд разглядаў пытаньне аб падаўжэньні трыманьня Юрыя Белавусава пад вартай.

У судовых рашэньнях, якія публікуюцца ў Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны, прозьвішчы абвінавачаных і пацярпелых замяняюць словам «асоба» і прысвойваюць пэўную лічбу.

У гэтым рашэньні адзначаецца, што АСОБА_1 — «ураджэнец Рэспублікі Беларусь, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, афіцыйна не працуе». Другі фігурант, Юры Іёнаў, меў украінскі і, магчыма, расейскі пашпарт.

Першапачаткова Юрыя Белавусава затрымалі 28 траўня 2020 году. Ён знаходзіўся пад вартай да 8 верасьня 2020 году — да таго моманту, калі суд зьмяніў меру папярэдняга стрыманьня на альтэрнатыўную — унясеньне грашовага закладу ў памеры 42 040 грыўняў (на той момант каля 1,5 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зьнішчае энэргетыку, але ва Ўкраіне насуперак вайне пачынаюць ацяпляльны сэзон і аказваюць дзяржаўныя паслугі

«Годны і адказны вайсковец»

Адвакат сказаў, што Юры Белавусаў, як і Юры Іёнаў, таксама быў зьвязаны з «Азовам» — ён прыехаў ва Ўкраіну як валянтэр і на гэтай падставе атрымаў дазвол на жыхарства.

«Ён быў сябрам „Азова“, займаўся валянтэрскай дзейнасьцю. Спачатку жыў у Кіеве, потым пераехаў у Адэсу, і ў яго быў дазвол на жыхарства ва Ўкраіне», — паведаміў адвакат.

Ад жніўня Юры Белавусаў служыць жаўнерам-стралком у адной з вайсковых частак Узброеных сіл Украіны. Ягоныя камандзіры падрыхтавалі два дакумэнты для суду — хадайніцтва аб узяцьці беларуса на парукі і службовую характарыстыку.

«Да выкананьня службовых абавязкаў ставіцца адказна. Пастаўленыя задачы выконвае своечасова і якасна. Валодае прафэсійнымі навыкамі, ёсьць жаданьне разьвівацца ў вайсковых структурах. Характар спакойны, ураўнаважаны і тактоўны. У любых абставінах прыстойны і сумленны. Заўжды з павагай ставіцца да начальнікаў. У побыце старанны, працавіты, мае аўтарытэт сярод калег. Лёгка сыходзіцца зь людзьмі, няздольны да канфліктных сытуацый. Справядлівы і аб’ектыўны», — адзначаецца ў характарыстыцы, копію якой Свабодзе перадаў адвакат Дзьмітро Білаўчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Полк Каліноўскага паведаміў пра сустрэчу з украінскімі дэпутатамі

Другі фігурант справы, нягледзячы на гібель, застаецца ў вышуку

Нягледзячы на тое, што ёсьць афіцыйнае паведамленьне аб гібелі Юрыя Іёнава, у базе Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ён дагэтуль у статусе «знаходзіцца ў вышуку».

У вышук ён быў абвешчаны 2 чэрвеня 2020 году — адразу пасьля завядзеньня крымінальнай справы. Яго абвінавачвалі ў трох цяжкіх злачынствах — незаконнае пазбаўленьне волі і выкраданьне чалавека (ч. 2 арт. 146 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны), катаваньне (ч. 2 арт. 127) і пагроза забойствам (ч. 1 арт. 129).

У розны час Юры Іёнаў быў актывістам шэрагу грамадзкіх арганізацый, якія стварыў яшчэ адзін вядомы азовец, Сяргей Кароткіх: ён да атрыманьня ўкраінскага пашпарта быў грамадзянінам Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.