5 краін выступілі за ўвядзеньне Эўразьвязам такіх жа санкцый супраць Беларусі, як і супраць Расеі
Belarus - Lukashenka - sanctions
Польшча, краіны Балтыі (Літва, Латвія, Эстонія) і Ірляндыя выступаюць за ўвядзеньне Эўразьвязам такіх жа санкцый супраць Беларусі, як і супраць Расеі, паведамляе «Польскае радыё».
Паводле зьвестак «Польскага радыё», гэтыя краіны накіравалі ў Эўракамісію праект сваіх прапановаў адносна дзявятага пакету санкцыяў супраць Расеі і Беларусі.
У ім гаворка ідзе пра сынхранізацыю санкцый, уведзеных супраць Расеі і Беларусі. Гэтую тэму ў Брусэлі абмяркоўваюць ужо некаторы час. Паводле дыпляматаў ЭЗ, зь якімі размаўляў карэспандэнт "Польскага радыё, ёсьць дзьве мэты: па-першае — як мага мацней ударыць па беларускай эканоміцы і прымусіць рэжым у Менску спыніць дапамогу Маскве ў вайне ва Ўкраіне, па-другое — перашкодзіць расейцам абысьці санкцыі.
Што да прапановаў аб далейшых санкцыях супраць Масквы, то яны ўключаюць у сябе забарону на ўвоз алмазаў з Расеі, забарону на выкарыстаньне антывіруса Касьперскага ў ЭЗ і забарону на продаж расейцам нерухомасьці. Гэта санкцыі, якія падчас перамоваў былі зьнятыя з восьмага пакету санкцый. Акрамя таго, пяць краін пацьвердзілі сваю прапанову адключыць усе расейскія банкі ад глябальнай сыстэмы фінансавых разьлікаў SWIFT, увесьці санкцыі ў дачыненьні да ядзернай энэргетыкі і абмежаваць іншыя паслугі.