«Пазыцыя Ціханоўскай адносна Расеі і Пуціна недастаткова зразумелая. Яна быццам баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Напрыклад, ясна сказаць, што Расея — тэрарыстычная дзяржава, агрэсар і вораг беларускага народу. Да таго ж у яе асяродзьдзі ёсьць некалькі сумніўных асобаў. Яна таксама рабіла заявы, зьвязаныя з Украінай, якія выклікалі неразуменьне ва Ўкраіне», — лічыць Мярэжка.
24 лютага, адразу ж пасьля нападу Расеі на Украіну Ціханоўская выступіла з дзьвюма заявамі з гэтай нагоды, у якіх абсалютна выразна акрэсьліла свой бок у гэтай вайне:
«Сёньня зранку Расея напала на Украіну, парушаючы фундамэнтальныя прынцыпы міжнароднага права. У гэтым вераломным акце агрэсіі была задзейнічаная беларуская тэрыторыя і Узброеныя сілы Беларусі. Лукашэнка і яго рэжым цалкам падзяляюць з прэзыдэнтам Расеі адказнасьць за гэтую вайну.
Нелегітымны кіраўнік Беларусі ўвёў замежныя войскі і зрабіў нашую краіну непасрэдным удзельнікам канфлікту. Гэта дзяржаўная здрада і здрада інтарэсам нашага народа і беларускай дзяржавы...».
«Дарагія ўкраінцы, ад імя нашай краіны я выказваю вам салідарнасьць і падтрымку, а ад імя беларусаў хачу сказаць: нам сорамна за тое, якую ролю тэрыторыя нашай краіны грае ў гэтай вайне. І мы гатовы рабіць усё, што спатрэбіцца, каб спыніць агрэсараў і гэтую катастрофу. Жыве Беларусь. І Слава Україні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арастовіч назваў Ціханоўскую законна абраным прэзыдэнтам Беларусі і заклікаў ня ганьбіць беларусаўДэпутат Мярэжка таксама сказаў, што такім легітымным беларускім органам, зь якім Кіеў мог бы весьці дыялёг, можа быць полк Каліноўскага ў складзе Ўзброеных сілаў. Па яго словах, сваімі дзеяньнямі на фронце полк даказаў сваю праўкраінскую пазыцыю і аўтарытэт сярод беларускай апазыцыі.
Некалькі дзён таму пазаштатны дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч назваў Сьвятлану Ціханоўскую законна абранай прэзыдэнткай, раскрытыкаваў украінцаў за беларусафобію і параўнаў сытуацыю ў Беларусі з той, што існуе ў акупаваных рэгіёнах Украіны.
Арастовіч зазначыў, што ва Ўкраіне так і не змаглі пакуль аддзяліць беларускі народ ад беларускага рэжыму.
«Пры тым, што народу мае законна абранага прэзыдэнта — Сьвятлану Ціханоўскую. Але ў нас і па Ціханоўскай любяць прайсьціся асобныя прыдуркі, сказаць, што яна слабачка, яна нічога... І гэтак далей. Гэта законна выбраны прэзыдэнт Беларусі. Нагадваю, Украіна не прызнала Лукашэнку законна выбраным прэзыдэнтам Беларусі. Таму мы дапусьцілі шэраг вельмі сур’ёзных памылак у адносінах да Беларусі. Яшчэ ня позна выправіць».
У жніўні Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Абʼяднанага пераходнага кабінэта. Нядаўна яна прапанавала Украіне ўсталяваць адносіны з кабінэтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для ўкраінскага боку што Лукашэнка, што яго апанэнты — абое рабое». Ігар Тышкевіч пра беларускую грань украінскага канфлікту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Няма «мудрага Пуціна», ёсьць Пуцін-агрэсар. Ціханоўская — пра Зяленскага, Пазьняка, ліст Макея і хэйт у сацсеткахУкраіна павінна разарваць дыпляматычныя адносіны з Беларусьсю, таксама лічыць Мярэжка.
«На мой погляд, пытаньне аб разрыве дыпляматычных адносін з Беларусьсю насьпела. Усё цяжэй мець дыпляматычныя адносіны з краінай, якую ўзначальвае дыктатар», — сказаў ён.
Дэпутат таксама патлумачыў, чаму, на яго думку, улады Украіны дагэтуль не разарвалі дыпляматычныя адносіны з Менскам: "Афіцыйная вэрсія — гэта неабходнасьць абароны правоў і інтарэсаў нашых грамадзян. Хаця, магчыма, гэта зьвязана з тым, што хоць Беларусь і зьяўляецца дзяржавай, якая ўдзельнічае ў расейскай агрэсіі, зьяўляецца саўдзельніцай агрэсіі супраць Украіны, але ў поўнамаштабную вайну яна яшчэ не ўступіла цалкам.
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.