Пасол Украіны ў Беларусі не падтрымаў ініцыятывы пра ўвядзеньне паміж краінамі візавага рэжыму

Амбасадар Украіны ў Менскау Ігар Кізім

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім лічыць немэтазгодным на цяперашні момант увядзеньне Ўкраінай візавага рэжыму зь Беларусьсю.

«Імавернасьць [увядзеньня візавага рэжыму] можа быць любая, але асабіста я не падтрымліваю такую ініцыятыву ў цяперашніх умовах», — сказаў Ігар Кізім Delfi.lt.

Паводле яго, Беларусь у адказ увядзе такія ж захады, і гэта будзе ня вельмі добра, бо цяпер на беларускай тэрыторыі знаходзіцца шмат украінскіх грамадзян, якія ўцякаюць з Расеі і для якіх найпрасьцейшы шлях вярнуцца на радзіму ляжыць менавіта празь Беларусь.

Ігар Кізім дадаў, што беларусы ляяльна ставяцца да грамадзян Украіны і цяпер ім у Беларусі прасьцей вырашыць пытаньні для вяртаньня.

«Апроч таго, ня трэба забывацца, што ў нас шмат сваякоў жывуць у памежжы, яны вельмі зьвязаны між сабой і там нават быў спрошчаны рэжым перасячэньня мяжы», — дадаў украінскі дыплямат.

Ігар Кізім таксама зьвярнуў увагу на тое, што Беларусь «закрыла сваё прадстаўніцтва ў Кіеве».

«Незразумела, навошта, маглі б хаця б консула пакінуць. Гэта створыць цяжкасьці ў атрыманьні такой візы для тых грамадзян Украіны, якія захочуць наведаць сваякоў у Беларусі. Мяркую, што варта паглядзець, як будзе сытуацыя разьвівацца. Можа, калі-небудзь такі час і прыйдзе, але я б не хацеў тут, ведаеце... маштабаваць або капіяваць тое, што мы маем з Расеяй. З Расеяй гэты крок быў абсалютна апраўданы, зь Беларусьсю я пакуль такой лёгікі ня бачу на цяперашні момант», — патлумачыў украінскі дыплямат.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даручыў Кабінэту міністраў Украіны разгледзець пытаньне аб увядзеньні візавага рэжыму зь Беларусьсю. Такія даручэньні ўкраінскі прэзыдэнт зрабіў пасьля таго, як пэтыцыю з такімі прапановамі, зарэгістраваную 4 ліпеня, падпісалі больш за 25 тысяч грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Усьлед за ўвядзеньнем візаў для расейцаў Украіна можа ўвесьці візавы рэжым і зь Беларусьсю

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.