Макей адказаў Зяленскаму: пры накіраваньні назіральнікаў на ўкраінска-беларускую мяжу мы павінны зрэагаваць

Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей заявіў, што знаходжаньне на ўкраінска-беларускай мяжы назіральнікаў з заходніх краін улады ў Беларусі будуць лічыць уцягваньнем Захаду ў вайну.

Пра гэта Ўладзімер Макей сказаў гэта ў кулюарах пасяджэньня Рады МЗС СНД у Астане, адказваючы на пытаньні журналістаў.

«Я тут згодзен з ацэнкай, якая прагучала з расейскага боку. Калі будуць накіраваныя адпаведныя прадстаўнікі заходніх краін на мяжу Беларусі і Ўкраіны, то гэта азначае фактычна ўцягваньне гэтых трэціх краін ва ўкраінскі канфлікт».

Макей адказаў і на пытаньне, ці будзе разьмяшчэньне такога кантынгенту несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

«Гледзячы зь якімі намерамі прыйдуць гэтыя назіральнікі або якой зброяй яны будуць узброеныя. Але тое, што цяпер адбываецца і на паўднёвых нашых межах, і на заходніх, — мы бачым, што нагнятаецца гістэрыя. І ня проста ідзе, скажам, слоўная нейкая рыторыка. А робяцца канкрэтныя дзеяньні: перакідаюцца баявая тэхніка, узбраеньні, зьбіраюцца вайскоўцы. Вядома, мы не павінны закрываць на гэта вочы. Натуральна, будуць выпрацоўвацца адэкватныя меры рэагаваньня. У тым ліку і вайсковага характару».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Малаімаверна, што беларускае войска ўступіць у вайну ў бліжэйшыя тыдні» — украінскі экспэрт Ігар Тышкевіч

Прапанову разьмясьціць на мяжы міжнародных назіральнікаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў 12 кастрычніка, выступаючы перад лідэрамі краін G7. На яго думку, гэта дапаможа зьняць правакацыі і домыслы пра пагрозу Беларусі з боку Ўкраіны.

На прапанову Зяленскага апэратыўна адказаў дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч. Ён заявіў, што Беларусь у гэтым разьмяшчэньні ўдзельнічаць ня будзе, бо ёй гэта «ня трэба».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар Рады бясьпекі Вальфовіч: Міжнародны кантынгент на мяжы нам не замінае, але і не патрэбны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Беларусі пачало раптоўную праверку баявой гатоўнасьці вайскова-паветраных сілаў і сілаў супрацьпаветранай абароны