«Левада-цэнтр»: індэкс настрою расейцаў упаў да мінімуму за 14 гадоў
Мабілізацыя ў Камсамольску-на-Амуры, верасень 2022
Па выніках верасьня 2022 году, месяца, калі ў Расеі была абвешчана мабілізацыя насельніцтва на вайну ва Ўкраіне, амаль палова апытаных расейцаў адчуваюць страх, тугу, напружаньне або раздражненьне. Індэкс іх настрою дасягнуў мінімуму за 14 гадоў. Гэта вынікае з графіка «Левада-цэнтру».
Эканамічныя чаканьні расейцаў упалі да даваенных значэньняў. Прычым большасьць апытаных, як паказвае графік, чакаюць, што праз год будуць жыць горш, чым цяпер.
Рэзкае падзеньне дэманструюць і ўсе складнікі індэксу сацыяльных настрояў расейцаў. Больш за ўсё — да мінімуму з 2002 году — упаў індэкс, які паказвае, як за год зьмянілася жыцьцё рэспандэнта і ягонай сям’і. У верасьні 2022 году большасьць апытаных сказалі, што іхнае жыцьцё за апошні год пагоршылася.
Параўнальныя абвальваньні індэксу сям’і адбываліся пасьля ваеннага канфлікту з Грузяй у 2008 годзе і пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе, аднак тады падзеньне было больш плаўным, чым цяперашняе па стане на верасень 2022 году.
Графікі «Левада-цэнтру» паказваюць дынаміку настрояў расецаў. Кожнаму пункту графіку адпавядае розьніца паміж пазытыўнымі і нэгатыўнымі ацэнкамі ў дзень апытаньня з даданьнем 100, каб пазьбегнуць адмоўных значэньняў.
21 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін аб’явіў у краіне мабілізацыю насельніцтва на вайну ва Ўкраіне і падпісаў адпаведны ўказ. Прэзыдэнт назваў яе частковай, аднак у адкрытай частцы ўказу ніякімі парамэтрамі яна не абмежаваная. Спачатку плянуецца заклікаць 300 тысяч рэзэрвістаў — сьцьвярджаецца, што гэта адзін працэнт ад мабілізацыйнага патэнцыялу Расеі.
З пачатку мабілізацыі ў Расеі, яшчэ да адпраўкі на вайну ва Ўкраіне, загінулі сама меней 17 мабілізаваных. Яны памерлі з розных, у тым ліку невядомых, прычынаў. Як мінімум трое зь іх учынілі самагубства.