Ландсбергіс: Ваяўнічыя заявы Лукашэнкі нагадваюць «крык аб дапамозе»
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс не надае вялікага значэньня нядаўнім заявам Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што нібыта Літва, Польшча і Ўкраіна рыхтуюць беларускіх «радыкалаў» да ўяўных «тэрарыстычных актаў» у Беларусі, піша Delfi.
Па словах Габрыелюса Ландсбергіса, пакуль няма падстаў гаварыць пра дзеяньні Беларусі, якія нясуць пагрозу для Літвы.
«Факты, якія мы маем як з адкрытых крыніц, так і ад нашых службаў, пакуль не дазваляюць нам убачыць якія-небудзь дзеяньні, што былі б накіраваныя супраць Літвы ці якім-небудзь чынам зьмянілі нашу сытуацыю з бясьпекай. Праўду кажучы, хутчэй наадварот. Тэхніку зь Беларусі вывозяць; здаецца, што яна будзе выкарыстоўвацца супраць Украіны. Хутчэй за ўсё — на фронце. Расеі не хапае ўласнага ўзбраеньня, і яна мабілізуе ўсё, што можа», — сказаў Ландсбергіс.
Кіраўнік літоўскай дыпляматыі падкрэсьліў, што ўсе ваяўнічыя размовы Лукашэнкі нагадваюць яму «крык аб дапамозе».
«Згодна з наяўнай у нас інфармацыяй, эканоміка Беларусі ў заняпадзе, яна ўпала ад санкцый і ізаляцыі, — дадаў кіраўнік МЗС. — Палітычна ў Лукашэнкі няма нават падобнай легітымнасьці, як у Расеі. Пуцін рады падтрымцы вайны, а ў Беларусі гэтага няма. Вайна Расеі, якая няўдала разгортваецца, здаецца, цягне Беларусь у яму».
На думку Ландсбергіса, такімі заявамі Лукашэнка спрабуе прыцягнуць увагу і стварыць для ўкраінцаў дадатковыя праблемы.
«Мабыць, адзінае, на што ён спадзяецца, — гэта стварыць такім чынам дадатковыя праблемы для ўкраінцаў, прымусіўшы іх захоўваць сілы ў паўночнай частцы Ўкраіны», — сказаў Ландсбергіс.
Ліпаўскі: Пуцін маніпулюе Беларусьсю працяглы час, каб уцягнуць у вайну
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Чэхіі Ян Ліпаўскі перасьцярог Лукашэнку ад кампрамісаў з Расеяй і паўнацэннага ўступленьня ў вайну. Аб гэтым ён сказаў падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі ў Празе, паведамляе «Эўрапейская праўда».
«Пуцін маніпулюе Беларусьсю ўжо працяглы час, каб уцягнуць яе ў вайну. Відавочна, што Беларусь ужо ўдзельнічае ў канфлікце, бо расейскія падразьдзяленьні заходзяць ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі, шмат ракетных нападаў адбываецца зь Беларусі, у паветранай прасторы Беларусі дзейнічаюць самалёты, зь якіх абстрэльваюць Украіну», — адзначыў Ліпаўскі.
Паводле яго, размова ідзе аб яўным удзеле беларускага рэжыму ў вайне.
«Мы можам толькі спэкуляваць на тэму, чаму Беларусь не далучаецца да вайны ў поўнай меры. Я б, безумоўна, перасьцярог беларускі рэжым ад гэтага. Гэта будзе мець прамыя наступствы для рэжыму», — падкрэсьліў міністар.
Ён таксама адзначыў, што супраць Лукашэнкі да гэтага часу захоўваецца моцная апазыцыя, нягледзячы на прыгнечаньне пратэстаў два гады таму. Таксама, паводле Ліпаўскага, дзеяньні Пуціна сьведчаць аб яго роспачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
МЗС Францыі прыгразіла Менску новымі санкцыямі ў выпадку далейшай падтрымкі расейскай агрэсіі ва ЎкраінеРаней кіраўнік МЗС Францыі Катрын Каляна таксама папярэдзіла, што афіцыйны Менск можа сутыкнуцца з новымі санкцыямі, калі Аляксандар Лукашэнка будзе ўсё больш і больш уцягвацца ва ўкраінскі канфлікт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусь можа выставіць для вайны толькі 7–8 тысяч баяздольных вайскоўцаў, — вайсковы экспэрт10 кастрычніка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін дамовіліся аб разгортваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Лукашэнка таксама паведаміў, што некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў прыбудуць у Беларусь.
У той жа дзень Лукашэнка на нарадзе зь сілавікамі заявіў, што ЗША і краіны ЭЗ заяўляюць, што «будуць легалізоўваць беларускіх нашых зьбеглых», каб потым адкрыць «другі фронт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны ацанілі, як Расея можа выкарыстаць Беларусь для вайны супраць Украіны4 кастрычніка Лукашэнка паведаміў, што беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Ўкраіне на баку Кіева, «ставяць перад сабой мэту дэстабілізацыі становішча ў нашай краіне празь перш за ўсё дывэрсыйна-падрыўную дзейнасьць». Тады ж ён выказаў упэўненасьць, што «радыкалы, якія затаіліся, ёсьць і на тэрыторыі Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка заявіў, што Беларусь удзельнічае ў расейскай «спэцапэрацыі» і падзяліўся страхам перад палком КаліноўскагаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.