У выніку расейскай атакі 10 кастрычніка загінулі 11 грамадзян і яшчэ 87 атрымалі траўмы і раненьні. Ва ўсіх рэгіёнах, абстраляных Расеяй, пашкоджаны 70 аб'ектаў, у тым ліку 29 — крытычнай інфраструктуры, чатыры шматпавярховыя і 35 прыватных будынкаў, адна школа.
Кіеў
У Кіеве пацярпелі чатыры раёны. Загінулі пяць грамадзян, 51 атрымаў траўмы і раненьні.
- У Галасееўскім раёне ракеты пацэлілі ў ЦЭЦ-5 і склад з поліэтыленам.
- У Шаўчэнкаўскім раёне — у скрыжаваньне бульвара Шаўчэнкі і вуліцы Ўладзімірскай, дзе загарэліся аўтамабілі, якія рухаліся ў гэты час. Пашкоджаны будынак Кіеўскай філярмоніі ў выніку падрыву непадалёк пешаходнага моста каля Аркі свабоды ўкраінскага народу (раней яна называлася Арка дружбы народаў). Пашкоджаны адміністрацыйны будынак агульнаадукацыйнай школы.
- У Сьвятошынскім раёне ракета пацэліла ў тэрыторыю вайсковай часткі, а ў Дзясьнянскім раёне, найбольшым у сталіцы паводле колькасьці насельніцтва, пацярпела складзкое памяшканьне непадалёк ад ЦЭЦ-6, якая забясьпечвае ўвесь раён цяплом і электраэнэргіяй.
- Абстрэламі пашкоджаны галоўны корпус Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту (КНУ) імя Шаўчэнкі, унівэрсытэцкая навуковая бібліятэка і Інстытут філялёгіі КНУ. Моцна пашкоджаны адміністрацыйны будынак Міністэрства адукацыі, Кіеўскі гарадзкі дом настаўніка і музэй Ханенкаў.
Нямецкае выданьне Bild паведаміла аб пашкоджаньні консульства Нямеччыны ў Кіеве. У МЗС Нямеччыны гэты факт пацьвердзілі і паведамілі, што ў момант абстрэлу там не было ніводнага супрацоўніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны пад інтэнсіўным расейскім абстрэлам. Ёсьць ахвяры і разбурэньніКіеўская вобласьць
У Вышгарадзкім раёне расейцы абстралялі прыватны сэктар, а ў Абухаўскім раёне — Трыпольскую ЦЭС і прыватны сэктар. Паводле папярэдніх зьвестак, траўмы і раненьні атрымалі два грамадзяніны.
Ахвяры і разбурэньні: наступствы расейскага абстрэлу Кіева 10 кастрычніка. ФОТА
Дніпро і Днепрапятроўская вобласьць
У абласным цэнтры расейцы атакавалі Прыдняпроўскую ЦЭС і прадпрыемства «Євромаркет», якое займаецца вытворчасьцю будаўнічых матэрыялаў.
Ад атакі пацярпелі некалькі шматпавярховых жылых будынкаў, грамадзкі транспарт і аўтамабілі мясцовых грамадзян. Паводле папярэдніх зьвестак, чатыры жыхары загінулі і яшчэ 20 атрымалі траўмы ці раненьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны пад інтэнсіўным расейскім абстрэлам. Ёсьць ахвяры і разбурэньніХмяльніцкая вобласьць
Непадалёк ад абласнога цэнтру, гораду Хмяльніцкага, Расея атакавала вайсковы аб’ект і пацэліла ў электрападстанцыю.
Жытомірская вобласьць
У Жытомірскай вобласьці пашкоджана электрападстанцыя. Пра ахвяры не паведамляюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка ўцягвае Беларусь у вайну. Якую ролю ў агрэсіі Масква вызначыла Беларусі?Львоў і Львоўская вобласьць
Расейскія ракеты пацэлілі ў электрападстанцыі ў Львове, Жыроўцы, Жыраве і Бераздоўцы. Пра ахвяры ўлады не паведамляюць.
Палтаўская вобласьць
У вёсцы Кіяшкі пашкоджана электрападстанцыя. Пра ахвяры не паведамляюць.
Харкаўская і Сумская вобласьці
Расейцы атакавалі найбольшую ў вобласьці электрастанцыю — Зьміёўскую ЦЭС. У паселішчы Прывакзальнае Сумскай вобласьці таксама пашкоджана электрападстанцыя.
У сувязі з пашкоджаньнем шэрагу энэргетычных аб’ектаў улады Ўкраіны заклікаюць грамадзян зьменшыць энэргаспажываньне з 17.00 да 22.00, калі адзначаецца пік спажываньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі: G7 зьбярэцца на тэрміновую нараду з прычыны ўдараў па ЎкраінеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.