Нобэлеўскую прэмію ў эканоміцы прысудзілі за дасьледаваньні фінансавых крызісаў

Нобэлеўская ўзнагарода

Нобэлеўскі камітэт аб’явіў імёны ляўрэатаў прэміі швэдзкага Рыксбанку ў эканоміцы імя Альфрэда Нобэля. Неафіцыйна яе называюць Нобэлеўскай прэміяй у эканоміцы.

Сёлета прэміяй уганаравалі эканамістаў Бэна Бэрнанке, Дугласа Дайманда і Філіпа Дыбвіга за дасьледаваньні банкаў і фінансавых крызісаў. У прэс-рэлізе Нобэлеўскага камітэту зазначана, што іхныя работы значна палепшылі разуменьне ролі банкаў у эканоміцы, асабліва падчас фінансавых крызісаў.

Дайманд і Дыбвіг у сваёй тэорыі паказалі, як спраўляцца з супярэчнасьцю, закладзенай у банкаўскай сыстэме: калі фундатары хочуць мець імгненны доступ да сваіх грошай, а крэдытаатрымальнікі — гарантыі, што іх раптам не прымусяць аддаваць пазыкі. Гэтую небясьпечную дынаміку можна прадухіліць, калі ўрад забясьпечыць страхаваньне дэпазытаў і выступіць у якасьці крэдытора апошняй інстанцыі для банкаў.

Дайманд таксама паказаў, што банкі, якія выступаюць пасярэднікамі паміж многімі ўкладчыкамі і пазычальнікамі, лепш падыходзяць для ацэнкі крэдытаздольнасьці пазычальнікаў і забесьпячэньня таго, каб пазыкі выкарыстоўваліся для выгадных інвэстыцый.

Старшыня Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША падчас сусьветнага фінансавага крызісу нулявых Бэн Бэрнанке адзначаны за свае дасьледаваньні Вялікай Дэпрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыходзіць будзе балюча, але пэрспэктыўна». Ці можа беларуская эканоміка абысьціся без Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жузэп Бурэль: Эўразьвяз вітае прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца «Цэнтру грамадзянскіх свабод» аб надзеях пасьля Нобэлеўскай прэміі: Трыбунал для Пуціна і Лукашэнкі, вызваленьне палонных