У Запарожжы пры начным абстрэле загінулі мінімум 17 чалавек
Руйнаваньні ў Запарожжы
Расейскія войскі зноў абстралялі жылыя кварталы ўкраінскага Запарожжа.
У Запарожжы ў выніку начнога абстрэлу сур’ёзна пацярпелі жылыя дамы, загінулі ня менш як 17 чалавек, яшчэ 49 пацярпелых шпіталізаваны, у тым ліку шасьцёра дзяцей. Колькасьць можа быць няпоўнай, наперадзе разбор завалаў.
Як паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Запарожжа Аляксандар Старух, расейскія вайскоўцы выпусьцілі па горадзе 12 ракет, большасьць зь іх патрапілі ў жылыя дамы. Часткова разбураны дзевяціпавярховік і пяць дамоў у прыватным сэктары, уражаны аб’екты інфраструктуры, але Старух не ўдакладняе, якія менавіта.
Па дадзеных кіраўніка рэгіёну, пад заваламі пацярпелых дамоў да гэтага часу могуць заставацца людзі.
Па дадзеных сакратара Запароскай гарадзкой рады Анатоля Курцева, ракеты пашкодзілі каля 40 прыватных дамоў у Запарожжы.
«Зноў бязьлітасныя ўдары па мірных людзях. У жылыя дамы, прама пасярод ночы. Абсалютная подласьць. Абсалютнае зло. Нелюдзі і тэрарысты. Ад таго, хто аддаў гэты загад і да ўсіх, хто гэты загад выканаў. Яны будуць адказваць. Абавязкова. Перад законам і перад людзьмі», — напісаў раніцай 9 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
У апошнія дні Запарожжа падвяргаецца нападам ледзь не штодня, у выніку ракетнага абстрэлу 6 кастрычніка загінулі 11 чалавек: удар таксама быў нанесены па жылых шматпавярховіках.