Нобэлеўскую прэмію ў хіміі прысудзілі за новы мэтад звышхуткага сынтэзу малекул

Нобэлеўскую прэмію ў хіміі ў 2022 годзе атрымалі навукоўцы з Амэрыкі Каралін Бэртоццы і Бары Шарплес, а таксама датчанін Мортэн Мэльдал «за распрацоўку мэтадаў клік-хіміі і біяортаганальнай хіміі».

Пра гэта паведамляецца ў сацсетках Нобэлеўскага камітэту.

«Нобэлеўская прэмія ў хіміі 2022 году заклікана спрасьціць складаныя працэсы. Клік-хімія і біяортаганальныя рэакцыі перанесьлі хімію ў эпоху функцыяналізму. Клік-хімія выкарыстоўваецца пры распрацоўцы фармацэўтычных прэпаратаў, для картаваньня ДНК і стварэньня матэрыялаў, больш прыдатных для гэтай мэты. Дасьледнікі палепшылі таргетынг супрацьракавых прэпаратаў», — сказана ў паведамленьні аб прэміі.

У 2021 годзе ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі ў хіміі сталі Бэнджамін Ліст і Дэвід Макмілан. Прэмію прысудзілі за разьвіцьцё асымэтрычнага органакаталізу.
Шостага кастрычніка аб’явяць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

Ляўрэата прэміі міру абʼявяць у Осла 7 кастрычніка. Прэмію ў эканамічных навуках памяці Альфрэда Нобэля, заснаваную з 1969 году Банкам Швэцыі, прысудзяць 10 кастрычніка. Прызавы фонд за кожную намінацыю складзе дзесяць мільёнаў швэдзкіх крон (каля $900 тысяч).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся нобэлеўскі тыдзень. Прэмію ў мэдыцыне атрымаў швэдзкі навуковец за дасьледаваньне генэтычных асноў эвалюцыі чалавека
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і Навальны на чале неафіцыйнага «кароткага сьпісу» фаварытаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру