Украінцы адкінулі расейцаў на 20 кілямэтраў на розных франтах. Расея абстрэльвае цывільныя аб’екты

Украінскія байцы. 4 кастрычніка 2022

Пасьля спробы незаконнай анэксіі Расеяй чатырох акупаваных абласьцей Украіны, за якія ідуць баі, расейская армія ўзмацніла абстрэлы цывільных аб’ектаў. Другія суткі запар і ўдзень, і ўначы па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны абвяшчаецца паветраная трывога.

Пад пагрозай абстрэлаў уся тэрыторыя Ўкраіны

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што за мінулыя суткі расейскія войскі нанесьлі 9 ракетных і 6 авіяцыйных удараў, а таксама зрабілі 56 абстрэлаў з рэактыўных сыстэм залпавага агню цывільных аб’ектаў і мірных жыхароў больш як 30 населеных пунктаў у Данецкай, Луганскай, Днепрапятроўскай, Кіеўскай, Запароскай, Сумскай, Харкаўскай і Мікалаеўскай абласьцях.

Разбураны мост ля Сьвятагорска Данецкай вобласці, 30 верасьня 2022

Уначы для ўдараў па горадзе Белая Царква Кіеўскай вобласьці Расея задзейнічала тры іранскія дроны-камікадзэ. Абласныя ўлады паведамілі пра шэсьць пацэльваньняў у аб’екты інфраструктуры. На месцах выбухаў больш за чатыры гадзіны працуюць ратавальнікі і пажарныя, якія спрабуюць патушыць пажар. Пакуль паведамляецца аб адным пацярпелым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ня толькі Ліман. Якія населеныя пункты вызвалілі ўкраінскія войскі ў Данецкай і Херсонскай абласьцях

Украінская армія вызваліла звыш 1,5 тысячы населеных пунктаў

У офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведамілі, што з пачатку расейскага ўварваньня і акупацыі часткі тэрыторый украінскія войскі вызвалілі 1534 населеныя пункты. Але толькі ў 502 абясшкодзілі пакінутыя расейскімі войскамі міны.

У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» паведамілі аб вызваленьні за апошнія два дні васьмі паселішчаў у Херсонскай вобласьці — Любімаўкі, Храшчэнаўкі, Залатой Балкі, Бяляеўкі, Украінкі, Вялікай і Малой Аляксандравак, а таксама ключавога на гэтым кірунку Давыдавага Броду Берыслаўскага раёну.

«На розных участках фронту ўдалося паглыбіцца ад 10 да 20 кілямэтраў», — адзначылі ў апэратыўным камандаваньні «Поўдзень».

Украінскі сьцяг вярнуўся ў Ліман Данецкай вобласьці, 4 кастрычніка 2022

Такія вынікі апэрацыі абумовілі ў тым ліку і шматлікія выніковыя ўдары ўкраінскай авіяцыі і артылерыі па цэнтрах кіраваньня і забесьпячэньня расейскіх войскаў. Толькі за апошнія суткі, паводле Генштабу Ўкраіны, нанесены ўдары па 6 апорных пунктах і пунктах кіраваньня, а таксама па 11 раёнах канцэнтрацыі жывой сілы, вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня расейскай арміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я паехаў ва Ўкраіну, каб сказаць: «Беларусы з вамі!». Беларус зь цяжкай формай ДЦП выправіўся на Данбас з гуманітарнай місіяй

Выведка Вялікай Брытаніі: наступ Украіны можа перайсьці ў Луганскую вобласьць

Выведка Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, ацэньваючы пасьпяховыя наступальныя апэрацыі ўкраінскага войска на поўдні і ўсходзе не выключае працягу такіх дзеяньняў на тэрыторыі Луганскай вобласьці.

«Украінскія фармаваньні прасунуліся за раку Аскол на 20 кілямэтраў у паласу абароны Расеі ў кірунку [расейскага] вузла забесьпячэньня ў Сватаве. Вельмі верагодна, што цяпер Украіна можа нанесьці ўдар па ключавой дарозе Сватава — Крамянная большасьцю сваіх артылерыйскіх сыстэм, што яшчэ пагоршыць здольнасьць Расеі папаўняць запасы сваіх частак на ўсходзе», — паведамілі брытанскія выведнікі.

Паводле іх, у палітычным пляне кіраўніцтва Расеі будзе занепакоена тым, што ўкраінскія падразьдзяленьні набліжаюцца да Луганскай вобласьці, якую яны нядаўна нібыта далучылі да складу Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выснова Сьледчай камісіі ААН: «Расейская армія ўчыняе ваенныя злачынствы ў вялізарным маштабе»

Сытуацыі ў Расеі пагражае дэстабілізацыя

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што наступ Украіны стварае ўсё больш праблем у забесьпячэньні і ўмацаваньні расейскіх войскаў.

Адначасова ў сваёй справаздачы Інстытут вывучэньня вайны зьвяртае ўвагу на тое, што пасьпяховая наступальная апэрацыя Ўкраіны расколвае ў Расеі інфармацыйную прастору — дзеяньні расейскага вайсковага кіраўніцтва крытыкуюць вайсковыя блогеры, карэспандэнты, а таксама кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў і ўласьнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын.

«Фрагмэнтацыя расейскай інфармацыйнай прасторы можа мець значныя ўнутраныя наступствы і нават можа паўплываць на стабільнасьць рэжыму Пуціна. Пуцін ня зможа задаволіць узаемавыключальныя патрабаваньні розных груп. Кадыраў і Прыгожын дамагаюцца зьмены спосабу вядзеньня вайны, які больш адпавядае іх нетрадыцыйным спосабам мабілізацыі асабістага складу і вядзеньня баявых дзеяньняў», — адзначаюць экспэрты ISW.

Паводле іх, Пуцін ня можа дазволіць сабе страціць падтрымку ніводнай з гэтых груп, а таксама ня можа задаволіць іх усіх.

«Шок ад паразы ў Харкаве і Лімане, падштурхнуты частковай мабілізацыяй і яе дрэнным кіраваньнем, агаліў гэты раскол, які паглыбляецца ў асноўных групах падтрымкі Пуціна. Яны нават могуць пачаць распаўсюджваць думку, што Пуцін ня цалкам кантралюе сытуацыю. Наступствы такога разьвіцьця падзей для яго рэжыму цяжка прадказаць», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна вызваліла яшчэ некалькі вёсак на Харкаўшчыне і Херсоншчыне. Ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 50 населеных пунктаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.