Байдэн забараніў Мінфіну ЗША апэрацыі абмену на даляры спэцыяльных правоў запазычаньня Беларусі і Расеі
Джо Байдэн
Адпаведны ўказ падпісаў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ, які забараняе амэрыканскаму Міністэрству фінансаў удзельнічаць у апэрацыях, зьвязаных з абменам спэцыяльных правоў запазычаньня (СПЗ, анг. special drawing rights) Беларусі і Расеі. Пра гэта паведаміла прэс-служба Белага дома.
Закон забараняе міністру фінансаў ЗША ўдзельнічаць ва ўгодах, зьвязаных з абменам спэцыяльных правоў запазычаньня, якія належаць Расеі ці Беларусі. Таксама кіраўнік гэтага міністэрства павінен пераконваць іншыя краіны ў тым, каб яны таксама адмаўляліся ад канвэртацыі СПЗ Расеі і Беларусі ў валюту.
Акрамя таго, прадстаўнікі ЗША ў такіх міжнародных фінансавых установах, як Сусьветны банк і МВФ, павінны выступаць супраць «наданьня фінансавай дапамогі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспубліцы Беларусь ад адпаведнай установы, акрамя як для задавальненьня асноўных патрэб цывільнага насельніцтва».
Закон будзе дзейнічаць на працягу 5 гадоў пасьля яго прыняцьця. Таксама яго дзеяньне можа спыніцца датэрмінова, калі прэзыдэнт ЗША пацьвердзіць Кангрэсу, што Расея і Беларусь «спынілі дэстабілізацыйную дзейнасьць у дачыненьні сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».
Спэцыяльныя правы запазычаньня — разьліковая грашовая адзінка, якая выкарыстоўваецца Міжнародным валютным фондам. СПЗ уваходзяць у склад золатавалютных рэзэрваў Беларусі. Па дадзеных на сакавік 2022 году, доля СПЗ у ЗВР Беларусі складала 1,432 млрд даляраў (17,3%).