Лукашэнка заявіў, што Беларусь удзельнічае ў расейскай «спэцапэрацыі» і падзяліўся страхам перад палком Каліноўскага

Аляксандар Лукашэнка

4 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб вайсковай бясьпецы.

Лукашэнка прызнаў, што Беларусь сумесна з Расеяй дзейнічае ў вайне супраць Украіны.

«Што тычыцца нашага ўдзелу ў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага ня ўтойваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў, не парушаем сваіх абавязаньняў. Наш удзел у тым, каб не дапусьціць пашырэньня гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі, па-першае. Па-другое, не дапусьціць нанясеньня ўдару па Беларусі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я казаў, у сьпіну расейцам страляць ніхто ня будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь і іншыя краіны АДКБ ня будуць ваяваць за Расею ва Ўкраіне, — меркаваньне экспэрта

Таксама Лукашэнка ўспомніў пра полк Каліноўскага і выказаў свае асьцярогі перад ягонымі плянамі па зьмене дзяржаўнага ладу ў Беларусі, яго цытуе БелТА.

«Патрабаваньні да санкцый супраць Беларусі зьмяняюцца на заклікі да вайскоўцаў да невыкананьня і сабатаваньня загадаў камандзіраў, ухіленьня ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу. Мэта адна, тая ж, што і была ў 2020 годзе, — разбурыць краіну, зрынуць існыя парадкі, лад і разабрацца з кіраўніцтвам краіны. Форма, шлях — узброены. Іншыя ўжо ў іх шляхі не разглядаюцца».

Ён лічыць, што апазыцыянэры «працягваюць выношваць пляны па стварэньні ўласных ваенізаваных фармаваньняў, так званага палка імя Каліноўскага».

«Які б пацешны гэты полк ні быў, але ў яго складзе ёсьць радыкальна настроеныя байцы, якія якраз і ставяць перад сабой мэту дэстабілізацыі становішча ў нашай краіне празь перш за ўсё дывэрсійна-падрыўную дзейнасьць».

Полк імя Кастуся Каліноўскага — полк зь беларускіх байцоў, які ваюе на баку Ўкраіны ў яе вайне супраць расейскіх захопнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

5 магчымых сцэнароў, як рэжым Лукашэнкі яшчэ больш можа ўвязацца ў вайну ва Ўкраіне, – экспэрты