NATO: Украіна здольная адкінуць расейскія войскі назад

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, 30 верасьня 2022

Генэральны сакратар NATO заявіў, што найлепшы спосаб супрацьстаяць расейскай анэксіі — працягваць падтрымлівааць украінскі ўрад.

Вяртаньне Ўкраінай кантролю над горадам на тэрыторыі, аб анэксіі якой абвясьціў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, дэманструе, што ўкраінцы дамагаюцца прагрэсу і здольныя адкінуць назад расейскія войскі, заявіў у нядзелю генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг.

«Мы бачылі, што яны змаглі ўзяць новы горад, Ліман, і гэта паказвае, што ўкраінцы дамагаюцца прагрэсу і здольныя адціснуць расейскія войскі дзякуючы мужнасьці, сьмеласьці, майстэрству і, вядома, дзякуючы сучаснай зброі, якую пастаўляюць ЗША і іншыя саюзьнікі», — заявіў Столтэнбэрг, выступаючы ў праграме «Сустрэча з прэсай» на канале NBC.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў пра зачыстку Лімана: «Тут ужо няма і сьлядоў псэўдарэфэрэндуму»

Найлепшым спосабам супрацьстаяць абвешчанай Расеяй анэксіі ўкраінскіх тэрыторый зьяўляецца далейшая падтрымка ўраду ў Кіеве, заявіў Столтэнбэрг.

Камэнтуючы заяўку Украіны на прыняцьце ў NATO ў паскораным парадку, Столтэнбэрг паўтарыў, што «любое рашэньне аб членстве павінна быць прынята кансэнсусам усіх 30 саюзьнікаў».

2 кастрычніка стала вядома, што ўжо каля траціны краін – сябраў NATO (9 з 30) пазытыўна адгукнуліся на яе заяўку на ўступленьне ў Паўночнаатлянтычны альянс паводле паскоранай працэдуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнты 9 краінаў NATO выказаліся за сяброўства Ўкраіны ў альянсе і заклікалі павялічыць ёй дапамогу ў вайне з Расеяй