Інфармацыю, якую распаўсюдзіла «Эхо Кавказа» са спасылкай на крыніцу, пацьвердзіла агенцтва «Апсныпресс». Паведамляецца, што Аляксандар Лукашэнка праводзіць сустрэчу з абхаскім лідэрам Асланам Бжанія.
«На парадку дня пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня, аналіз міжнароднай сытуацыі, бягучых выклікаў і пагроз», — гаворыцца ў паведамленьні.
Раней у сацсетках апублікавалі відэакадры картэжу, які перамяшчаецца па Абхазіі ў суправаджэньні машын дарожна-патрульнай службы. Telegram-канал Амра-life пісаў, што «картэж з прэзыдэнтам сяброўскай краіны ўжо праехаў Гагру».
На сустрэчы Лукашэнкі і Бжаніі прысутнічаў таксама міністар замежных спраў непрызнанай рэспублікі Інал Ардзінба. Частка перамоў прайшла без удзелу журналістаў, падрабязнасьці пакуль не раскрываюцца.
Разам з Лукашэнкам на сустрэчы прысутнічаюць прэс-сакратарка Натальля Эйсмант, былы кіраўнік Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Віктар Шэйман, памочнік Мікалай Латышонак і супрацоўніца службы пратаколу Дар’я Шманай.
Абхазія — рэспубліка з насельніцтвам прыблізна 245 тысяч чалавек у складзе Грузіі. У 2008 годзе падчас жнівеньскай вайны Абхазію разам з Паўднёвай Асэтыяй акупавала Расея, на акупаваных тэрыторыях мясцовыя прамаскоўскія ўлады абвясьцілі незалежнасьць сваіх рэспублік.
Аднак незалежнасьць Абхазіі прызналі толькі пяць краін ва ўсім сьвеце: Расея, Сырыя, Вэнэсуэла, Науру, Нікарагуа. Тыя ж дзяржавы прызналі і 57-тысячную Паўднёвую Асэтыю. Вайсковую агрэсію Расеі і яе мясцовых калябарантаў асудзілі на міжнародным узроўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Непрызнаная Менскам дзяржава хоча ў саюз Беларусі і РасеіУ жніўні 2021 году Лукашэнка расказаў, чаму не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Паводле яго слоў, Захад пагражаў Менску дадатковымі санкцыямі ў выпадку прызнаньня незалежнасьці гэтых самаабвешчаных рэспублік, Масква ж адмовілася кампэнсаваць эканамічныя страты. Пры гэтым Лукашэнка тады назваў «нядобрым фактам» падзею, «калі Асэтыю адарвалі ад Грузіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэйман ад імя Лукашэнкі езьдзіў на сустрэчу да прэзыдэнта самаабвешчанай Абхазіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў у Сочы. Ці высьлізнуў ён з абдымкаў Пуціна?