Замежная выведка і Генштаб Украіны аб сытуацыі на фронце: украінцы актывізавалі наступ, расейцы абстралялі 40 населеных пунктаў

Украінскі жаўнер каля Купянску ў Харкаўскай вобласьці

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што за мінулыя суткі расейскія войскі з артылерыі і авіяцыі абстралялі 40 населеных пунктаў у Луганскай, Данецкай, Мікалаеўскай, Харкаўскай, Херсонскай, Днепрапятроўскай і найбольш (25) — у Запароскай вобласьці.

«Вораг наносіць удары па цывільнай інфраструктуры і жытле мірнага насельніцтва. Застаецца пагроза авіяцыйных і ракетных удараў на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны», — заявіў сьпікер Генштабу Украіны Аляксандар Штупун.

Апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» паведаміла, што расейская армія спрабуе падцягнуць рэзэрвы з крымскага кірунку і атакаваць у раёне Чкалава Херсонскай і Безымяннага Мікалаеўскай вобласьці, аднак адзін расейскі танк падарваўся на міне, яшчэ два адступілі.

«Сытуацыя ў нашай апэрацыйнай зоне застаецца напружанай, разьвіцьцё яе дастаткова дынамічнае, але кантроль сіл абароны пераважае», — адзначылі ў камандаваньні «Поўдзень».

Напярэдадні ўкраінская выведка паведаміла, што яе падразьядзяленьні ўзялі яшчэ адзін важны горад у Харкаўскай вобласьці — Купянск-Вузлавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея за мінулыя суткі з авіяцыі і артылерыі абстраляла 50 населеных пунктаў Украіны

Выведка Вялікай Брытаніі: Украіна актывізавала наступ на ўсходзе

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што ўкраінскія падразьдзяленьні паступова прасоўваюцца па двух кірунках на ўсход ад лініі рэк Аскол і Северскі Данец.

«Расея стварае больш магутную абарону, чым раней, імаверна, таму, што ўкраінскі наступ цяпер пагражае часткам Луганскай вобласьці, паколькі галасаваньне аб далучэньні да Расейскай Фэдэрацыі завяршаецца», — мяркуюць брытанскія выведнікі.

Паводле выведкі Вялікай Брытаніі, цяжкія баі працягваюцца ў Херсонскай вобласьці, але расейскія войскі, якія знаходзяцца на правым беразе Дняпра, застаюцца вельмі ўразьлівымі.

«Расея працягвае настойлівыя спробы прасунуцца ў раёне Бахмуту на Данбасе, нягледзячы на тое, што сутыкаецца з сур’ёзным ціскам на сваіх паўночных і паўднёвых флянгах. Пэўна, гэта зьвязана з палітычным ціскам, паколькі Расея выкарыстоўвае сілы, якія ў адваротным выпадку маглі б узмацніць іншыя флянгі», — адзначаюць выведнікі Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Місія ААН паведаміла, колькі сэксуальных злачынстваў зафіксавала за час поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне

ISW: Расея перакідвае мабілізаваных на найбольш цяжкія кірункі

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) паведаміў, што Расея пачала перакідваць толькі што мабілізаваных на найбольш складаныя кірункі баявых дзеяньняў, найперш у Херсонскую і Харкаўскую вобласьці.

Экспэрты інстытут лічаць малаімаверным, што мабілізаваныя, якіх рыхтавалі ўсяго дзень ці два, змогуць істотна ўмацаваць расейскія пазыцыі, што моцна пацярпелі ў выніку ўкраінскага контранаступу на поўдні і ўсходзе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.