Кіраўніца Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка сказала, што палата гатовая разгледзець пытаньне на плянавым пасяджэньні 4 кастрычніка.
Уплывовы сэнатар Андрэй Клішас напісаў у Тэлеграме, што «прыняцьце ў склад Расеі новых суб’ектаў — канстытуцыйная працэдура, якая запатрабуе зладжанай працы некалькіх канстытуцыйных органаў улады і ў канчатковым выніку паправак у тэкст Канстытуцыі», і таму неабходнасьці ў «штучным паскарэньні канстытуцыйнага парадку прыняцьця новых субʼектаў» няма.
Раней шэраг СМІ са спасылкай на свае крыніцы паведамлялі, што працэдура прыняцьця так званых «ДНР», «ЛНР», Херсонскай і Запароскай абласьцей можа завяршыцца ўжо 30 верасьня — сьцьвярджалася, што ў гэты дзень прэзыдэнт Уладзімір Пуцін зьвернецца з пасланьнем да Фэдэральнага сходу. У Крамлі гэта не пацьвердзілі і не абверглі.
27 верасьня — апошні дзень псэўдарэфэрэндумаў аб уступленьні ў Расею на акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях Украіны. Гэтыя псэўдарэфэрэндумы мноствам краін сьвету, як і Ўкраінай, ужо прызнаныя нелегітымнымі і ня маюць ніякай сілы. Паведамляецца, што ў Херсонскай, Запароскай і Луганскай абласьцях галасаваньне ўжо завершана, а ў Данецкай скончыцца ў бліжэйшы час.
Прадстаўнікі сэпаратыстаў і прызначаных Расеяй акупацыйных адміністрацый, якія вядуць падлік галасоў, заяўляюць, што яўка высокая і што 80–90 працэнтаў тых, хто прыняў удзел, галасуюць за ўступленьне ў Расею. Незалежнага назіраньня за галасаваньнем, праведзеным толькі на частцы ўкраінскіх абласьцей ва ўмовах актыўных баявых дзеяньняў, не было, як-небудзь вэрыфікаваць лічбы немагчыма. Канчатковыя вынікі чакаюцца заўтра.
Украіна, ЗША і іншыя краіны называюць галасаваньне псэўдарэфэрэндумамі, праведзенымі пад дуламі аўтаматаў. Краіны Захаду заявілі, што ўвядуць супраць Расеі новыя санкцыі.
Прадстаўнікі сэпаратыстаў і акупацыйных адміністрацый раней заяўлялі, што як мага хутчэй зьвернуцца да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай аб прыняцьці чатырох украінскіх абласьцей у склад Расеі. Калі працэдура будзе той жа, што падчас анэксіі Крыму і Севастопалю, Пуцін павінен будзе падпісаць дамовы аб іх уступленьні, а расейскі парлямэнт — ратыфікаваць іх і ўхваліць адмысловы канстытуцыйны закон аб прыняцьці новых субʼектаў фэдэрацыі. Для гэтага патрэбны пасяджэньні як Дзярждумы, так і Савету Фэдэрацыі. Калі верхняя палата зьбярэцца толькі 4 кастрычніка, то раней за гэтую дату анэксія ня будзе фармальна завершана.
Раней расейскія прадстаўнікі сьцьвярджалі, што пасьля фармальнага прыняцьця акупаваных тэрыторый у склад Расеі на іх будуць распаўсюджвацца ўсе расейскія дакумэнты, у тым ліку пра ядзерную дактрыну.