Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі за псэўдарэфэрэндумы ў 4 абласьцях Украіны


Ліз Трас
Ліз Трас

Сёньня Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі за квазірэфэрэндумы, якія праводзяцца насуперак міжнароднаму праву, у самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама ў акупаваных Херсонскай і Запароскай вабласьцях Украіны.

Абмежаваньні закранулі яшчэ 92 расейскія і ўкраінскія фізычныя і юрыдычныя асобы, у тым ліку — дзяржпрадпрыемства РФ па вырабу каштоўных папераў «Гознак» і чатырох мільярдэраў.

«Расейскі рэжым арганізаваў гэтыя фіктыўныя рэфэрэндумы ў адчайнай спробе захапіць украінскую зямлю і апраўдаць сваю незаконную вайну. Гэты працэс адлюстроўвае расейскі падыход у Крыме ў 2014 годзе, які спалучае дэзынфармацыю, запалохваньне і сфальсыфікаваныя вынікі», — заявіў брытанскі ўрад.

Частка тых, хто трапіў пад новыя санкцыі, мае дачыненьне да арганізацыі псэўдарэфэрэндумаў, частка падтрымлівае расейскае ўварваньне арганізацыйна або фінансава, — адзначае ўрад Вялікай Брытаніі.

Напрыклад, кампанія «Гознак» друкавала дакумэнты, у тым ліку — расейскія пашпарты, якія раздаюць жыхарам акупаваных тэрыторыяў, якія дэ юрэ зьяўляюцца грамадзянам Украіны. PR-агенцтва «ІМА-кансалтынг» выконвала дзяржзамову на рэкляму незаконных рэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях і ў Расеі.

Акрамя таго ў новым сьпісе — саўладальнікі кампаніі «Кіеўская плошча» Год Нісанаў і Зарах Іліеў, кіраўнік Уральскай горна-металюргічнай кампаніі Іскандэр Махмудаў і дзеяч нафтагазавай галіны, мільярдэр Ігар Макараў.

Пад новыя санкцыі таксама трапілі 55 чальцоў праўленьняў «Сбербанка», «Газпромбанка» і «Совкомбанка», а таксама чыноўнікі, якія працуюць у акупацыйных адміністрацыях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG