Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Бурэль заявіў, што ЭЗ «як мага хутчэй» пашырыць санкцыі супраць Расеі

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль
Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль

Санкцыі будуць уведзеныя за плянаваныя псэўдарэфэрэндумы ў акупаваных рэгіёнах Ўкраіны з мэтай іх далучэньня да Расеі.

Краіны Эўразьвязу маюць намер «як мага хутчэй» увесьці новыя санкцыі супраць Расеі за плянаваныя псэўдарэфэрэндумы ў Данецкай, Луганскай, Херсонскай абласьцях і акупаванай частцы Запароскай вобласьці, заявіў кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль, перадае Reuters.

«Дадатковыя абмежавальныя меры супраць Расеі будуць уведзеныя неадкладна, як мага хутчэй, у каардынацыі з нашымі партнэрамі. Мы працягнем падтрымліваць намаганьні Ўкраіны шляхам паставак вайсковай тэхнікі, наколькі гэта спатрэбіцца», — заявіў кіраўнік эўрадыпляматыі па выніках сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЭЗ на палях Генасамблеі ААН.

Барэль паведаміў, што санкцыі будуць мець як «пэрсанальны, так і сэктаральны» характар і будуць распрацаваныя «максымальна хутка ў каардынацыі з партнэрамі». У санкцыйны сьпіс, паводле Бурэля, плянуецца ўключыць прадстаўнікоў расейскага кіраўніцтва, а таксама асоб, якія бяруць удзел у падрыхтоўцы псэўдарэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны. Дыплямат ня стаў удакладняць, пра якія менавіта санкцыі ідзе гаворка, адзначыўшы, што было прынята толькі палітычнае рашэньне.

Раней амэрыканскае выданьне Politico са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы паведамляла, што Эўракамісія на працягу некалькіх дзён пачне кансультацыі з прадстаўнікамі краін ЭЗ аб новым пакеце санкцый супраць Расеі. Паводле інфармацыі выданьня, сярод сьпісу прапанаваных захадаў будзе абмежаваньне цэнаў на расейскую нафту, якое зараз абмяркоўваецца ў G7, а таксама пашырэньне сьпісу санкцый супраць расейскіх фізычных асоб, забарона на імпарт расейскіх брыльянтаў і іншых прадметаў раскошы.

​
XS
SM
MD
LG