Мільённыя даўгі, канфіскаваныя Ўкраінай вагоны. Як праз вайну «Беларуская чыгунка» стала стратным прадпрыемствам

Яшчэ год назад «Беларуская чыгунка» была прыбытковая, а ў апошні дапандэмійны год дэманстравала рэкордны за ўсе часы незалежнасьці рост.

26 верасьня стала вядома, што «Беларусбанк» да канца году павінен выдаць «Беларускай чыгунцы» крэдыт памерам 300 мільёнаў рублёў. Грошы чыгуначнікам дадуць пад гарантыі ўраду краіны.

Паводле пастановы Саўміна атрыманыя ў крэдыт грошы пойдуць на вяртаньне «Беларускай чыгункай» ранейшых крэдытаў, аплату лізінгу (у які бралі новыя цягнікі. — РС), а таксама на пагашэньне запазычанасьцяў перад дзяржаўным бюджэтам. Грошы чыгунцы выдадуць на тры гады пад 16%. Працэнты па крэдытах на спажывецкія патрэбы для грамадзян у «Беларусбанку» пачынаюцца ад 19%.

Грошы чыгунцы патрэбныя тэрмінова. Як паведамляе партал «Зеркало», за першае паўгодзьдзе 2022 году «Беларуская чыгунка» панесла страты памерам амаль 82 мільёны рублёў. Пры гэтым яшчэ 2021 год для «Беларускай чыгункі» быў прыбытковы, прадпрыемства зарабіла «чыстымі» больш за 48 мільёнаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская чыгунка хацела аднавіць цягнік у Вільню. У Літве адмовіліся

Ня першы крэдыт за 2022 год

Прыбытковымі для «Беларускай чыгункі» былі і ранейшыя гады. У 2016-м, напрыклад, яна зарабіла «чыстымі» больш за 3 мільёны даляраў. А ў папярэдні год — каля 5 мільёнаў. Стратным для «Беларускай чыгункі» стаў пандэмійны 2020 год, калі цалкам спыніліся міжнародныя пасажырскія перавозкі, скараціліся ўнутраныя і таварныя. У выніку дзяржаўная кампанія страціла каля 50 мільёнаў даляраў. Аднак ужо ў 2021-м адбыўся рэзкі рост прыбыткаў. Не ў апошнюю чаргу праз павелічэньне транзытных перавозак з Кітаю ў краіны Эўразьвязу.

Пры гэтым у канцы 2021 году прадпрыемства страціла адну з істотных крыніцаў прыбытку — Літва ў сьнежні спыніла транзыт угнаеньняў «Беларуськалію» па сваёй тэрыторыі, якім займалася акурат «Беларуская чыгунка». Беларускія чыноўнікі паведамлялі пра альтэрнатыўныя шляхі, у тым ліку праз расейскія парты. Аднак канкрэтыкі з гэтым няма.

Справаздачу за 2022 год «Беларуская чыгунка» апублікуе не раней за вясну 2023-га, таму пакуль немагчыма ацаніць цалкам фінансавую сытуацыю на прадпрыемстве. Крэдыт памерам 300 мільёнаў рублёў сьведчыць пра страты. Пазыкі ў дзяржавы «Белчыгунка» брала і раней, аднак яны былі значна меншыя і браліся для выплаты заробкаў работнікам. Пра адну такую пазыку за дзень да пачатку вайны ва Ўкраіне паведамляе тэматычны тэлеграм-канал «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». Тады «Беларуская чыгунка» беспрацэнтна атрымала ў «Беларусбанку» 646 тысяч рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску расказалі, колькі страцілі ад арышту ва Ўкраіне беларускіх вагонаў, і заявілі, што хочуць іх вярнуць

Звальненьні супрацоўнікаў

Пра хвалю палітычна матываваных звальненьняў на «Беларускай чыгунцы» паведамлялася ўвосень 2021 году. Па зьвестках СМІ, сьпісы для звальненьняў кіраўніцтву чыгункі перадаваліся спэцслужбамі. У іх трапілі ў першую чаргу ўдзельнікі пратэстаў 2020 году. Пры гэтым пасадаў пазбаўляліся як шараговыя супрацоўнікі, так і чыгуначныя чыноўнікі. Напрыклад, «Наша Ніва» паведамляла пра звальненьне як мінімум трох кіраўнікоў берасьцейскага аддзяленьня чыгункі. Цалкам замясьціць новымі людзьмі звольненых не атрымалася дагэтуль, пра што сьведчыць сайт «Беларускай чыгункі» з прабеламі насупраць пасадаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі пачаўся закрыты суд над сьветлагорскімі «рэйкавымі партызанамі». Што пра іх вядома

60 цягнікоў за мяжу замест 160

«Наша інфраструктура дае магчымасьць штосутачна адпраўляць па ўсіх зьнешніх напрамках да 160 грузавых цягнікоў за суткі, — гаварыў у сярэдзіне верасьня кіраўнік „Беларускай чыгункі“ Ўладзімер Марозаў. — На жаль, цяпер мы адпраўляем 60 або 70 цягнікоў за суткі менавіта на зьнешнія стыкі. Але я ўпэўнены, што рана ці позна сытуацыя нармалізуецца».

Па словах Марозава, зь вясны 2022 году «Беларуская чыгунка» амаль цалкам працуе для айчыннай вытворчасьці. Прычынай стала вайна і санкцыі.

«Калі поўнасьцю зачынілася Ўкраіна і пачалі шырокім фронтам уводзіць санкцыі супраць нашай эканомікі, лічбы па выніках году нас ня радуюць, — прызнаўся Марозаў. — Па вывазе нашай прадукцыі да ўзроўню мінулага году мы маем 60%».

Паводле кіраўніка «Беларускай чыгункі», пасьля 24 лютага 2022 году Ўкраіна арыштавала больш за 7 тысяч чыгуначных вагонаў, якія належаць Беларусі, а таксама некалькі лякаматываў. На беларускай тэрыторыі засталося каля 500 украінскіх вагонаў. Сума стратаў для «Беларускай чыгункі» можа складаць каля 500 мільёнаў даляраў. Усяго «Беларуская чыгунка» мае каля 28 тысяч таварных вагонаў. Ва Ўкраіне цяпер застаецца каля 25% ад агульнай іх колькасьці.