Гэта была 28-я па ліку апэрацыя па абмене палоннымі і целамі загінулых вайскоўцаў Украіны і Расеі.
Турэччына, Саудаўская Арабія і Беларусь
Абмен палоннымі адбываўся ў трох лякацыях:
- У Турэччыну і Саудаўскую Аравію вызваленыя ўкраінцы і вайскоўцы Інтэрнацыянальнага легіёну прыляцелі на самалётах.
- У Турэччыне цяпер знаходзяцца пяць камандзіраў і вайскоўцаў падразьдзяленьня «Азоў». Паводле ўмоў абмену, яны мусяць заставацца ў гэтай краіне да завяршэньня вайны.
- У Саудаўскую Арабію перадалі 10 іншаземцаў. Усе яны былі асуджаныя ў «ЛДНР» на вялікія тэрміны пазбаўленьня волі або сьмерць за ўдзел у вайне на баку Ўкраіны.
- 200 іншых украінскіх палонных ехалі ва Ўкраіну ў аўтобусах празь беларускую тэрыторыю.
Абмен адбыўся ў адным з пунктаў пропускаў у Чарнігаўскай вобласьці
У распаўсюджаных відэазапісах аб перадачы і сустрэчы палонных ва Ўкраіне відаць, што аўтобусы і машыны хуткай дапамогі перамяшчаліся па Рэпкінскім раёне Чарнігаўскай вобласьці.
Напэўна, аўтобусы заехалі празь беларускі пункт пропуску «Новая Гута» і ўкраінскі «Новыя Ярылавічы».
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не пацьвердзілі, але і не зьняпраўдзілі гэтага факту і параілі зьвярнуцца па камэнтар у Службу бясьпекі Ўкраіны ці Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
Ускосна факт перадачы палонных зь беларускай тэрыторыі пацьвердзілі сваякі вызваленых украінцаў, большасьць якіх адразу перавезьлі ў лякарні Чарнігава і Чарнігаўскай вобласьці. Сярод палонных было шмат параненых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея і Ўкраіна абмяняліся палоннымі. Сярод вызваленых — абаронцы «Азоўсталі»Беларуская мяжа найбольш бясьпечная?
З пачатку расейскага ўварваньня ўрад Украіны закрыў усе пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Увесь гэты час вайсковае і палітычнае кіраўніцтва заяўляе, што ўкраінская мяжа на гэтым участку ўжо істотна ўмацаваная — прахадныя для тэхнікі і жывой сілы ўчасткі замінавалі, зрабілі фартыфікацыйныя збудаваньні.
На адным зь відэазапісаў палонныя праходзяць па нэўтральнай паласе ў кірунку ўкраінскага пункту пропуску. Аўтобусы не змаглі заехаць на тэрыторыю, бо непасрэдна перад пунктам пропуску выкапаны і заліты вадой катлаван.
На запісе, распаўсюджаным Службай бясьпекі Ўкраіны, таксама можна пабачыць, што на трасе, Чарнігаў — Кіеў шмат так званых «вожыкаў», якія ўскладняюць перамяшчэньне для аўтамабіляў і іншай транспартнай тэхнікі. На пачатку відэазапісу таксама відаць, што двупалосная дарога, якая вядзе з пункту пропуску «Новыя Ярылавічы» на чарнігаўска-кіеўскую трасу, таксама забарыкадаваная.
Пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» ў Чарнігаўскай вобласьці самы вялікі. У той жа час у Рэпкінскім раёне ёсьць яшчэ адзін аўтамабільны пункт пропуску — «Дабранка» (Украіна) — «Паддабранка» (Беларусь).
Свабода зьвярнулася па камэнтар у Службу бясьпекі Ўкраіны і папрасіла адказаць на пытаньні, ці ўдзельнічалі ўлады Беларусі ў абмеркаваньні лягістыкі перадачы Ўкраіне з Расеі палонных і ці падазраванага ў дзяржаўнай здрадзе палітыка Віктара Медзьведчука, кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, таксама перадалі Расеі празь Беларусь.
Абмен празь Беларусь — упершыню
Інфармацыю аб ажыцьцяўленьні абмену празь Беларусь Свабодзе пацьвердзіла журналістка Тацяна Катрычэнка, прадстаўніца арганізацыі «Медійна ініціатива за права людини».
«Цікава, што гэты абмен адбыўся ў некалькі этапаў, некалькімі часткамі. Адну частку ўкраінскіх вайскоўцаў перамясьцілі ў Турэччыну, а другую, вялікую частку вярнулі менавіта праз Чарнігаўскую вобласьць. Гэта ўпершыню такі абмен, бо звычайна [гэта адбываецца] праз акупаваны Крым і Запароскую вобласьць, а цяпер празь Беларусь», — сказала Тацяна Катрычэнка.
Начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў, што абмен адбываўся на тэрыторыі некалькіх краін.
«Гэта тэрыторыя Ўкраіны, мяжа між Украінай і Расеяй, этап на тэрыторыі Польшчы, апэрацыя на тэрыторыі Турэцкай Рэспублікі, апэрацыя на тэрыторыі Савудаўскай Арабіі», — заявіў Кірыла Буданаў. Беларусь кіраўнік украінскай выведкі не згадаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Разам з 215 украінскімі вайскоўцамі з расейскага палону вызвалілі мэдсястру на 9-м месяцы цяжарнасьціМяжа закрытая, але памежнікі працуюць
Празь беларуска-ўкраінскую мяжу вяртаюцца ня толькі палонныя. Вядомыя факты, калі такім жа чынам дадому вяртаюцца і ўкраінцы, незаконна вывезеныя ў Расею з Данецкай, Запароскай і Херсонскай абласьцей. У большасьці зь іх няма ня тое што візаў, каб выехаць з Расеі ў эўрапейскія краіны, а часам і пашпартоў. Для іх гэта адзіная магчымасьць вярнуцца ва Ўкраіну.
У Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны можна знайсьці шэраг дакумэнтаў, зь якіх вынікае, што супраць украінцаў, якія вяртаюцца праз закрытыя пункты пропуску на беларускай мяжы, складаюць акты аб незаконным перасячэньні мяжы. Але ў большасьці выпадкаў грамадзян не штрафуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
За кума Пуціна вызвалілі 200 украінскіх салдатаў. Дэталі найбольшага абмену палоннымі між Расеяй і Ўкраінай. ФОТА і ВІДЭАВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.