Чым Захад адкажа на мабілізацыю ў Расеі? Тлумачэньне экспэрткі

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Якой будзе і ўжо ёсьць рэакцыя Захаду на мабілізацыю ў Расеі і на так званыя рэфэрэндумы ў акупаваных вобласьцях Украіны? Калі Лукашэнка і ў новай сытуацыі не пашле беларускае войска ваяваць, ці скажа Захад дзякуй яму за гэта?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.

Сьцісла

  • У адказ на дзеяньні Расеі Захад будзе затыкаць «дзіркі» ў існых санкцыях і павялічваць пастаўкі зброі Ўкраіне.
  • У Захаду не настолькі складаная сытуацыя, каб ісьці на саступкі.
  • Наўрад ці ў Беларусі таксама будзе праведзеная мабілізацыя.
  • Калі Лукашэнка і цяпер не пашле беларускае войска на вайну, гэта не падвысіць яго каштоўнасьць у вачах Захаду і не падштурхне Захад да больш лагоднага стаўленьня да яго.
  • На Захадзе ня лічаць пагрозу ўжываньня Пуціным ядзернай зброі галоўнай і непазьбежнай.
  • Апроч іншага і таму, што Пуцін мае шмат іншых варыянтаў эскаляцыі.
  • У выпадку ўжываньня Расеяй ядзернай зброі важным чыньнікам будзе рэакцыя незаходніх краін, ён ім устыў са сваёй вайной.

— 21 верасьня ў сваім тэлезвароце прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паведаміў, што падпісаў указ аб частковай мабілізацыі грамадзянаў Расеі. Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў, што мяркуецца прызваць на вайсковую службу 300 тысячаў расейцаў. У тэлезвароце Пуцін вітаў правядзеньне рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі ў Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай вобласьцях Украіны. Нарэшце, у выступе была прамая пагроза ўжываньня ядзернай зброі. Якая рэакцыя Захаду на гэтую новую ваенна-палітычную рэальнасьць?

Алена Кудзько

— Рэакцыя на рэфэрэндумы — гэта стандартны дыпляматычны адказ. Усе краіны Захаду кажуць, што не прызнаюць іх легітымнасьць, іх правядзеньне супярэчыць міжнароднаму праву. І калі Расея скажа, што гэтыя тэрыторыі належаць ёй, Захад ня будзе гэта прызнаваць.

Напэўна, у адказ будзе наступны пакет санкцыяў, але робіцца ўсё цяжэй знаходзіць сфэры, адносна якіх можна ўвесьці дадатковыя санкцыі. Таму, хутчэй за ўсё, будуць займацца закрыцьцём «дзірак», якія ёсьць у тых санкцыях, якія ўжо ўведзеныя.

Пашырацца пастаўкі зброі Ўкраіне, а таксама падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў. Але гэта будзе рабіцца больш канфідэнцыйна, без крыклівых заяваў з боку краінаў Захаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін заявіў пра частковую мабілізацыю ў Расеі на вайну супраць Украіны. Шайгу назваў плян: 300 тысяч чалавек

Захад зважае на тое, што робіць Расея, бо ад гэтага залежыць, наколькі пасьпяховымі будуць дзеяньні ўкраінскага войска. Але пакуль тое, што робіць Расея, наўрад ці зьменіць сытуацыю карэнным чынам.

Мабілізацыя наўрад ці імгненна зьменіць суадносіны сілаў на полі бою. Што тычыцца палітычнага боку, то тут Захаду складана нешта прапаноўваць. Пуцін сам ня надта настроены дамаўляцца.

У Эўропе і ЗША не настолькі кепская сытуацыя, каб ісьці на саступкі. Так, ёсьць разуменьне, што зіма прыйдзе, што будзе павялічвацца незадавальненьне, стома наконт вайны ва Ўкраіне, будзе энэргетычны крызіс. Але ёсьць усьведамленьне, што трэба дзейнічаць больш рашуча менавіта зараз, калі Пуцін прайграе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт ЗША: Пуцін выступіў з адкрытымі ядзернымі пагрозамі

— На ваш погляд, якой будзе рэакцыя Беларусі, Лукашэнкі, на новую ваенна-палітычную сытуацыю?

— Лукашэнка зараз пад ціскам патрабаваньняў нечым дапамагчы Пуціну. Ці здолее ён неяк выкруціцца зараз — я ня ведаю. Магчыма, будуць пасланыя на вайну кантрактнікі, як гэта было ў Расеі. Я ня думаю, што ў Беларусі будзе абвешчаная мабілізацыя.

Мабілізацыя — што ў Расеі, што ў Беларусі — ня вырашыць галоўныя праблемы расейскай арміі. Там шмат праблемаў зь лягістыкай, з камунікацыямі, са зброяй. Пасыл — дайце нам больш салдатаў, больш «целаў» — наўрад ці будзе вырашальным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мабілізацыя — гэта не пра нас, мы і так мабілізаваныя», — дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Вальфовіч

— Ваш прагноз — ці паўтораць расейцы свой сухапутны ўдар па Ўкраіне з поўначы, з тэрыторыі Беларусі, як гэта было ў лютым-сакавіку?

— Я ня бачу, як гэта можа скончыцца посьпехам для Расеі. Украінцы ўжо падрыхтаваныя да гэтага. Спроба ўдарыць з поўначы пагоршыць сытуацыю для расейцаў. Гэта адкрыцьцё яшчэ аднаго фронту, пры тым, што ў расейцаў кепская сытуацыя і на існых франтох.

— Калі Лукашэнка і цяпер не пашле беларускае войска ваяваць — ці павялічыць гэта яго карысьць у вачах Захаду, ці «ўзнагародзіць» яго Захад за гэта?

— Не. Не павысіць. Ад Лукашэнкі будуць патрабаваць значна больш істотных крокаў. Калі Лукашэнка нечага не зрабіў сёньня, гэта ня значыць, што ён ня зробіць гэтага заўтра. Таму ісьці на нейкія вялікія саступкі яму ў абмен на адносна няважныя саступкі ў Захаду няма падставаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прадстаўнік ЭЗ пра Лукашэнку: «Ён крыніца і прычына ўсіх праблем, якія ёсьць у Беларусі»

— Ці ня можа Расея прымусіць Беларусь правесьці такі самы так званы рэфэрэндум аб далучэньні да РФ, як тыя, якія яна ліхаманкава ладзіць у 4 абласьцях Украіны?

— Я ня сумняюся ў здольнасьці беларускага дзяржаўнага апарату зладзіць рэфэрэндум хоць праз два дні. Але справа ў тым, што такія рэфэрэндумы ў Беларусі ладзяцца беларускай уладай, якая пакуль яшчэ зьяўляецца актарам.

У «ДНР» і «ЛНР», а тым больш у Херсонскай і Запароскай вобласьцях яны будуць праводзіцца пад кантролем расейскага войска. І арганізацыйныя, і адміністрацыйныя рэсурсы гэтых рэфэрэндумаў будуць расейскія. У Беларусі гэта правярнуць будзе больш складана.

У Беларусі Расея не кантралюе адміністрацыйны рэсурс. Няма і такой вайсковай прысутнасьці, як у тых вобласьцях Украіны, дзе плянуюць правесьці рэфэрэндумы.

Да таго ж я ня бачу палітычнай нагоды, навошта гэта Пуціну менавіта зараз. Ён праводзіць рэфэрэндумы ў вобласьцях Украіны, бо баіцца, што іх у яго могуць адабраць. Беларусь у яго ніхто не адбірае. Ёсьць, праўда, Лукашэнка, але ў яго зараз няма іншых варыянтаў, акрамя як супрацоўнічаць з Пуціным, хоць ён і брыкаецца па пэўных пытаньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці пашлюць беларусаў ваяваць за Пуціна? Абмеркаваньне экспэртаў

— Ядзерныя пагрозы Пуціна — наколькі ўсур’ёз іх успрымаюць на Захадзе? І ці маюць плян, што рабіць, калі ён такую пагрозу рэалізуе?

— Пуцін выказваў гэтую пагрозу ўжо шмат разоў — і падчас цяперашняй поўнамаштабнай вайны, і раней. Ён гэтую пагрозу выказваў і падчас анэксіі Крыму. Зараз гэта разглядаецца як спроба запалохаць і ўкраінцаў, і Захад.

Пуцін можа рэалізаваць гэтую пагрозу, але пакуль на Захадзе яна ня лічыцца галоўнай і непазьбежнай.

У межах гэтага малаімавернага сцэнару лічыцца больш імаверным падсцэнар — ужываньне тактычнай ядзернай зброі ва Ўкраіне. Захаду давядзецца нешта рабіць у адказ. Наўрад ці гэта будзе ядзерны адказ, будзе імкненьне лякалізаваць гэтую эскаляцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Навошта Расея фарсіруе рэфэрэндумы аб далучэньні акупаваных тэрыторый Украіны? Меркаваньне расейскага вайсковага экспэрта

Тут будзе вельмі важнай рэакцыя іншых, незаходніх краінаў. Зараз бачна, што Пуцін крыху ўстыў і ім са сваёй вайной. Ужываньне ядзернай зброі — гэта будзе парушэньне табу і для незаходніх краінаў сьвету.

Гэта ня лічыцца асноўным варыянтам яшчэ і таму, што ў Пуціна шмат іншых варыянтаў эскаляцыі.

Ён можа яшчэ больш бамбаваць гарады па ўсёй Украіне, можа бамбаваць цывільную інфраструктуру, спрабаваць ударыць па шляхах пастаўкі зброі. У яго яшчэ ёсьць варыянты, пакуль ён не адчуе неабходнасьць ужываць зброю масавага зьнішчэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Заходнія выведкі ацанілі абвешчаную Пуціным мабілізацыю як «значную палітычную рызыку»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.