«Расея вырашыла Ўкраіну закідаць трупамі». Як ва Ўкраіне адрэагавалі на заяву Пуціна аб мабілізацыі

Украінскі вайсковец топча расейскі сьцяг. Харкаўская вобласьць, 27 верасьня 2022

Першыя рэакцыі ў Кіеве на заяву Пуціна аб мабілізацыі расейцаў на вайну з Украінай.

Першымі на заяву кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна і міністра абароны Сяргея Шайгу адрэагавалі Пятро Андрушчанка, дарадца законна выбранага мэра Марыюпалю, і Міхайла Падаляк, дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

«300 тысяч мабілізаваных расейцаў. Па слаўнай традыцыі Расея вырашыла калектыўны Захад (закрэсьлена) Ўкраіну закідаць трупамі. Гістарычная зброя. Спадзяюся, мабілізацыя пачнецца з Крыму і, у прыватнасьці, з Севастопалю? Прыйшоў час здраднікам паказаць гераізм», — напісаў Пятро Андрушчанка ў сваім тэлеграм-канале.

«Ішоў 210-ы дзень „трохдзённай вайны“. Расейцы, якія патрабавалі зьнішчыць Украіну, урэшце атрымалі мабілізацыю, закрытыя межы, блякаваньне банкаўскіх рахункаў, турму за дэзэртырства, спэцатрады для „апушчаных“ у ПВК (прыватнай вайсковай кампаніі. — РС). Усё яшчэ ідзе паводле пляну, ці ня так? У жыцьця цудоўнае пачуцьцё гумару», — напісаў Міхайла Падаляк на сваёй старонцы ў Twitter.

Аляксей Арастовіч, дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, мяркуе, што Расея абвясьціла частковую мабілізацыю праз адсутнасьць патэнцыялу стварыць новыя вайсковыя аб’яднаньні.

«Рэзэрвісты пойдуць на папаўненьне ўжо існуючых [аб’яднаньняў]. 300 тысяч. Гэта сьведчыць аб двух рэчах: страты расейскай арміі ня проста вялікія, а зашкальваюць, дакладна больш 100 тысяч забітых і параненых, а хутчэй — пад 150. Двайны камплект набіраецца таму, што наступныя 150 [тысяч] яны ўжо ў думках сьпісалі», — напісаў Аляксей Арастовіч.

Мэр Кіева Віталь Клічко перакананы, што правядзеньне мабілізацыі і пагроза ядзернай зброяй не дапаможа Расеі заваяваць і зьнішчыць Украіну.

«Тыран канчаткова запусьціў працэсы, якія яго пахаваюць. А цывілізаваны сьвет павінен нарэшце зразумець, што зло трэба зьнішчаць і выкараняць, а не казаць пра нейкія ілюзорныя «мірныя перамовы», – напісаў Віталь Клічко ў сваім тэлеграм-канале.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў пра частковую мабілізацыю ў Расеі на вайну супраць Украіны. Шайгу назваў плян: 300 тысяч чалавек

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.