«Па дадзеных офісу генэральнага пракурора, украінскія праваахоўнікі не затрымлівалі расейскіх настаўнікаў на дэакупаваных тэрыторыях Харкаўскай вобласьці», — паведаміў тэлеканалу «Настоящее время» Ігар Белавусаў, начальнік дэпартамэнту супрацьдзеяньня злачынствам, учыненым ва ўмовах канфлікту.
Крыніцы тэлеканала ў Харкаўскай, Данецкай і Луганскай абласных пракуратурах таксама сьцьвярджаюць, што ў іх не затрымлівалі расейскіх настаўнікаў.
12 верасьня навіну аб затрыманьні настаўнікаў з Расеі, якія прыехалі выкладаць па расейскай праграме ва ўкраінскіх школах на акупаваных войскам РФ тэрыторыях, распаўсюдзіла выданьне «Страна.ua» са спасылкай на камэнтар віцэ-прэм’еркі Ўкраіны Ірыны Верашчук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве заявілі пра затрыманьне на вызваленых тэрыторыях расейскіх настаўнікаў. Ім можа пагражаць да 12 гадоў турмыПаводле яе, яны зьдзейсьнілі злачынства супраць Украіны, іх будуць судзіць паводле артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу (Парушэньне законаў і звычаяў вайны). Пакараньне гэтага артыкулу прадугледжвае да 12 гадоў зьняволеньня.
Пры гэтым Верашчук не ўдакладніла колькасьць затрыманых настаўнікаў, а таксама назвы вызваленых населеных пунктаў, дзе іх нібыта затрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Школы на акупаваных тэрыторыях Украіны рыхтуюць да «русыфікацыі»Мінадукацыі Расеі заявіла, што расейскія настаўнікі ў Харкаўскай вобласьці не працавалі: ведамства заявіла, што «з 1 верасьня там працавалі мясцовыя настаўнікі». Акупацыйная адміністрацыя заявіла, што расейскіх настаўнікаў у Харкаўскай вобласьці не было.
Пазьней у Мінадукацыі РФ пацьвердзілі, што расейскія настаўнікі ва Ўкраіне нібыта «абароненыя»: яны, па заявах чыноўнікаў, знаходзяцца на тэрыторыях, падкантрольных расейскім вайскоўцам і групоўкам «ЛНР» і «ДНР».
Нягледзячы на заявы Мінадукацыі, кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін раніцай 13 верасьня даручыў завесьці крымінальную справу па факце затрыманьня настаўнікаў. У тэлеграм-канале ведамства гэтыя настаўнікі названы «выкладчыкамі паводле расейскіх праграм».
10 верасьня пра затрыманьне настаўнікаў са спасылкай на крыніцы паведамляў «24 канал». Сьцьвярджалася, што расейскія вайскоўцы «проста пакінулі настаўнікаў, якіх напярэдадні павезьлі з Расеі».
Дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка пісаў, што расейскія настаўнікі затрыманыя ў горадзе Купянску Харкаўскай вобласьці. Раней на расейскіх форумах неаднаразова публікаваліся абʼявы, якія запрашалі настаўнікаў з Расеі працаваць у Марыюпалі і іншых акупаваных Расеяй украінскіх гарадах.
Акрамя таго, 13 верасьня праект Радыё Свабода Каўказ.Рэаліі са спасылкай на зьвесткі прафсаюзу «Альянс настаўнікаў» паведаміў, што сярод расейскіх настаўнікаў, затрыманых на тэрыторыі Ўкраіны, могуць быць выкладчыкі з паўднёвых рэгіёнаў Расеі.
Як паведаміў журналістам кіраўнік прафсаюза Данііл Кен, у абʼяднаньня няма канкрэтных прозьвішчаў затрыманых, аднак ёсьць агульны пералік пэдагогаў, якіх завэрбавалі на працу ў акупаваных раёнах Украіны.
Сьпіс ёсьць у распараджэньні сайта Кавказ.Реалии. Ён зьмяшчае прозьвішчы каля 80 выкладчыкаў з Дагестану, якіх адпраўлялі на працу на акупаваную частку Данбасу, дзе дзейнічаюць узброеныя групоўкі ДНР і ЛНР, а таксама на акупаваныя часткі Херсонскай і Запароскай абласьцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
З падручнікаў расейскага выдавецтва патрабуюць прыбраць згадкі Кіева і ЎкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.