У Маскве заявілі, што не адмаўляюцца ад перамоваў з Украінай. Зяленскі адказаў, ці магчымыя яны цяпер
Уладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрвію CNN, што ў цяперашні момант не гатовы весьці перамовы з Уладзімірам Пуціным. Крэмль публічна ідэю аб перамовах таксама не агучваў.
Паводле яго, Украіна ня будзе весьці перамовы да таго часу, пакуль працягваецца вайна.
«Яны вернуцца да замарожваньня канфлікту, пагадненьняў, перамоў, будуць станавіцца мацнейшымі і зноў прасунуцца наперад. Гэта іхная стратэгія — паступова і вельмі марудна, па кавалачку зьядаць нас. Я не хачу ў гэта гуляць», — сказаў Зяленскі у інтэрвію CNN.
У расейскага боку няма ніякага жаданьня быць канструктыўнымі, лічыць прэзыдэнт Украіны, а размаўляць з тымі, хто выстаўляе ўльтыматумы, ён ня мае намеру.
Зяленскі заявіў, што дамова з Масквой можа быць заключаная пасьля вызваленьня ўсіх акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый.
«Усё роўна ў Расеі ёсьць з намі мяжа, усё роўна гэта наш сусед зь вялізным насельніцтвам, так што пасьля дэакупацыі нашай краіны нам давядзецца жыць зь імі побач як з суседзямі», — сказаў ён.
Што кажуць пра перамовы ў Маскве
11 верасьня кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў адсутнасьць перамоваў з Кіевам зьвязаў з пазыцыяй Украіны і заходніх краін, якія яе падтрымліваюць, цытуе яго РБК.
Паводле ягоных слоў, пазыцыю Расеі па пытаньні аб перамовах з Украінай прэзыдэнт Уладзімір Пуцін выказаў на сустрэчы з кіраўніцтвам Дзярждумы:
«Мы не адмаўляемся ад перамоваў, але тыя, хто адмаўляецца, павінны разумець, што чым даўжэй яны зацягваюць гэты працэс, тым больш складана ім будзе з намі дамаўляцца».