Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) лічаць, што посьпех украінскага войска стаў вынікам кампаніі, якая ўключае максымальнае выкарыстаньне заходніх сыстэм узбраеньня. Працяглае абмеркаваньне, а затым заява Кіева пра контранаступальную апэрацыю з Херсонскай вобласьці адцягнула расейскія войскі ад сэктараў, на якіх украінскія сілы правялі вырашальныя атакі ў апошнія некалькі дзён.
Узброеныя сілы Ўкраіны ўжылі HIMARS і іншыя заходнія сыстэмы для нападаў на расейскія наземныя лініі сувязі ў Харкаўскай і Херсонскай абласьцях, стварыўшы ўмовы для посьпеху апэрацыі. Украінскія ўлады дэманстратыўна абмяркоўвалі ўдары на поўдні, пасьпяхова ўводзячы расейцаў у зман адносна сваіх намераў у Харкаўскай вобласьці.
Цяперашняе контранаступленьне, аднак, не пакладзе канец вайне, адзначаюць экспэрты. Кампанія на паўночным усходзе Ўкраіны ў выніку завершыцца, што дазволіць расейскім войскам аднавіць устойлівую абарончую лінію і, магчыма, нават правесьці лякальныя контратакі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне затрымалі экс-кіраўніка СБУ Харкаўскай вобласьціУкраіне давядзецца пачынаць новыя контранаступальныя апэрацыі, каб завяршыць вызваленьне акупаванай Расеяй тэрыторыі, у сувязі з гэтым вайна, хутчэй за ўсё, зацягнецца да 2023 году. Украіна пераламала ход вайны на сваю карысьць. Кіеў, пэўна, будзе ўсё часьцей дыктаваць месца і характар асноўных баявых дзеяньняў, а Расея будзе ўсё часьцей неадэкватна рэагаваць на рост фізычнага і псыхалягічнага ціску з боку Ўкраіны.
Тым часам Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што захоўваецца пагроза далейшых расейскіх удараў па гарадах Украіны, авіяцыйных і ракетных.
«За мінулыя суткі праціўнік нанёс 18 ракетных і 39 авіяўдараў па вайсковых і цывільных аб’ектах на тэрыторыі Ўкраіны. Пацярпелі больш за 30 населеных пунктаў, у прыватнасьці Краматорск, Канстанцінаўка, Дніпро, Паўлаград і Вялікаміхайлаўка. Расейцы ўчынілі чарговы тэрарыстычны акт — нанесьлі ракетны ўдар па Харкаўскай ЦЭЦ — аб’екту крытычнай інфраструктуры гораду. У выніку некалькі раёнаў аказаліся часткова адключанымі», — піша Генштаб УСУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Харкаў зноў трапіў пад расейскі абстрэл і застаўся безь сьвятла і вадыЗа 11 верасьня ўкраінскія сілы вызвалілі больш за 20 населеных пунктаў, аднавіўшы там украінскую ўладу.
Узброеныя сілы Ўкраіны паведамляюць, што працягваецца вызваленьне населеных пунктаў ад расейскіх захопнікаў у Харкаўскай і Данецкай абласьцях, падчас адступленьня расейцы хутка пакідаюць пазыцыі і ўцякаюць углыб часова акупаваных тэрыторый або на тэрыторыю РФ.
«Гэтая тэндэнцыя захоўваецца. Так, за мінулыя суткі з пасёлкаў Вялікі Бурлук і Дворычна Харкаўскай вобласьці акупанты забралі маёмасьць і транспарт, нарабаваны ў мясцовых жыхароў. У Луганскай вобласьці расейскія вайскоўцы зь сем’ямі пакінулі горад Сватава, засталіся толькі байцы так званага „народнага апалчэньня“, зь ліку мясцовых жыхароў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскае войска пакінула некалькі населеных пунктаў на Луганшчыне і Хэрсоншчыне — ГенштабВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.