Ва Ўкраіне затрымалі экс-кіраўніка СБУ Харкаўскай вобласьці
Украінскія вайскоўцы пасьля вызваленьня чарговага населенага пункту ў Харкаўскай вобласьці. Верасень 2022
Дудзіна затрымалі ў адной з заходніх абласьцей Украіны. Пэўна, яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе.
Раман Дудзін, які да канца траўня 2022 году ўзначальваў упраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Харкаўскай вобласьці, затрыманы праз падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе і пакіданьні месца службы. Пра гэта паведамляе Грамадзкая тэлерадыёкампанія Ўкраіны са спасылкай на дзьве крыніцы ў праваахоўных органах.
Паводле інфармацыі, затрымалі Дудзіна ў адной з абласьцей на захадзе Ўкраіны. Атрымаць камэнтар ад Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў Украіны і экс-кіраўніка спэцслужбы журналістам не ўдалося.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі звольніў Дудзіна з пасады пасьля паездкі ў Харкаўскую вобласьць 29 траўня. Тады Зяленскі сказаў, што былы кіраўнік СБУ «не працаваў на абарону гораду зь першых дзён паўнамаштабнай вайны, а думаў толькі пра сябе асабіста».
У ліпені Зяленскі звольніў кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Івана Баканава і генэральную пракурорку Ірыну Венядзіктаву. Зяленскі дадаў, што ў краіне расьсьледуюцца некалькі сотняў спраў аб дзяржаўнай здрадзе, а больш за 60 работнікаў праваахоўных органаў засталіся на акупаванай тэрыторыі і дзейнічаюць супраць інтарэсаў Кіева. Адказнасьць за гэта ляжыць на кіраўніках ведамстваў.
Раман Дудзін узначальваў Упраўленьне СБУ ў Харкаўскай вобласьці з сакавіка 2020 году. У лютым 2022 году, перад уварваньнем Расеі на тэрыторыю Ўкраіны, Дудзін запэўніваў, што вобласьць надзейна абароненая, а СБУ ўважліва сочыць за сытуацыяй на мяжы.
Пасьля звальненьня Дудзін публікаваў відэа і паведамленьні з крытыкай падкантрольных Кіеву ўладаў і вайскоўцаў, адзначае Грамадзкая тэлерадыёкампанія Ўкраіны.