Да міжнародных рэзэрвовых актываў паводле мэтадалёгіі МВФ адносяцца высокаліквідныя замежныя актывы, якія складаюцца з манэтарнага золата, спэцыяльных правоў запазычаньня Рэспублікі Беларусь у МВФ, рэзэрвовай пазыцыі ў МВФ і валютных рэзэрваў, што могуць быць апэратыўна выкарыстаныя для правядзеньня інтэрвэнцый на валютных рынках у мэтах стабілізацыі курсу нацыянальнай валюты, фінансаваньня ўрадам імпарту тавараў і паслуг, разьлікаў у пагашэньні і абслугоўваньні дзяржаўнага замежнага доўгу, а таксама для іншых мэтаў.
Раней Нацбанк штомесяц паведамляў аб памеры золатавалютных рэзэрваў краіны. Пачынаючы са жніўня, Нацбанк не паказвае структуру рэзэрвовых актываў. Не паведамляецца і пра фактары, якія паўплывалі на скарачэньне рэзэрваў.
Урад і Нацбанк Беларусі з прычыны санкцыяў вымушаныя меней карыстацца заходняй валютай і замяняць яе расейскімі рублямі ці кітайскімі юанямі.
Мінфін Беларусі на мінулым тыдні разьлічыўся яшчэ па двух выпусках эўрааблігацый у беларускіх рублях, на Захадзе гэта лічаць дэфолтам. Размова ідзе аб выплаце купоннага даходу на суму 38,6 млн даляраў.
У міністэрстве дадалі, што «плацеж ажыцьцёўлены за кошт сродкаў у замежнай валюце шляхам пералічэньня на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў ААТ „ААБ Беларусбанк“ у беларускіх рублях». Трэба адзначыць, што папярэднія выплаты, зробленыя Мінфінам у рублях па эўрааблігацыях, міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы прызналі дэфолтам.
У ліпені агенцтва S&P ня зьнізіла крэдытных рэйтынгаў Беларусі, адзначаючы, што Менск спрабаваў знайсьці спосабы расплаціцца па аблігацыях у далярах на працягу прадугледжанага дамовай часу з выкарыстаньнем альтэрнатыўных спосабаў аплаты. Але папярэдзіла, што зробіць гэта, калі выплаты па эўрааблігацыях ня будуць выкананыя ў зыходнай валюце, гэта значыць далярах, да канца 30-дзённага льготнага пэрыяду.