Белы дом: Расея можа закупіць у Паўночнай Карэі мільёны артбоепрыпасаў

Джон Кірбі

Дарадца Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі заявіў аб наяўных зьвестках пра закупку Масквой боепрыпасаў у Пхэньяна, паведамляюць Reuters і «Голас Амэрыкі».

Патэнцыйны закуп Расеяй зброі ў Паўночнай Карэі падчас вайны ва Ўкраіне можа ўключаць мільёны адзінак боепрыпасаў. Аднак прыкмет таго, што ўгода была заключана, пакуль няма ніякіх, заявіў 6 верасьня Белы дом.

«Мы адчуваем, што размова можа ісьці літаральна пра мільёны рэактыўных і артылерыйскіх снарадаў з Паўночнай Карэі», — заявіў каардынатар стратэгічных камунікацый у Радзе нацыянальнай бясьпекі Белага дома Джон Кірбі.

Раней амэрыканская выведка падзялілася інфармацыяй пра тое, што Мінабароны Расеі знаходзіцца ў працэсе закупліваньня мільёнаў ракетных і артылерыйскіх снарадаў у КНДР для сваёй агрэсіі супраць Украіны.

Прадстаўнікі амэрыканскай выведкі мяркуюць, што Расея, магчыма, разьлічвае на закупкі дадатковага вайсковага абсталяваньня ў Паўночнай Карэі ў будучыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін заявіў пра пашырэньне двухбаковых адносін Расеі і Паўночнай Карэі