У Херсонскай вобласьці адкладуць рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі, — прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі

Намесьнік кіраўніка прызначанай Расеяй так званай «ваенна-цывільнай адміністрацыі» Херсонскай вобласьці Кірыл Стрэмавусаў заявіў, што рэфэрэндум аб далучэньні Херсону і вобласьці да Расеі будзе «пастаўлены на паўзу».

Ён патлумачыў адтэрміноўку рэфэрэндуму «меркаваньнямі бясьпекі» і паведаміў, што галасаваньне адбудзецца не раней, чым у рэгіёне будуць спыненыя баявыя дзеяньні. Дата рэфэрэндуму пры гэтым не называлася ні раней, ні цяпер.

Стрэмавусаў падкрэсьліў, што адтэрміноўка рэфэрэндуму не зьвязаная зь нядаўняй заявай віцэ-прэм’ера Ўкраіны Ірыны Верашчук. 3 верасьня Верашчук заявіла, што ўдзел украінскіх грамадзян у такога кшталту галасаваньнях будзе лічыцца актам калябарацыянізму з агрэсарам і за яго можа пагражаць крымінальнае пакараньне да 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўмацоўвае абарону на Данбасе і рыхтуецца да рэфэрэндуму на акупаваных тэрыторыях

Раней паведамлялася — як прызначанымі Расеяй уладамі ў падкантрольных ім рэгіёнах Украіны, гэтак і ўкраінскімі і расейскімі СМІ — пра падрыхтоўку рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі Данецкай, Луганскай, Херсонскай абласьцей, а таксама часткі Запароскай вобласьці. У якасьці імавернага часу рэфэрэндумаў называлася сярэдзіна верасьня. Пакуль на ніводнай з гэтых тэрыторый канкрэтныя даты меркаваных рэфэрэндумаў не абвешчаныя. Украінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што ні пры якіх абставінах не прызнаюць вынікі такіх галасаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія войскі пайшлі ў наступ у Херсонскай вобласьці. Расейскія салдаты сьцьвярджаюць, што не змаглі ўтрымаць пазыцый

Некалькі дзён таму ўкраінскія вайскоўцы пачалі наступ у Херсонскай вобласьці. Ім удалося ўзяць пад свой кантроль некалькі населеных пунктаў. Большая частка рэгіёну цяпер пад кантролем расейскіх войскаў.