Зяленскі расказаў пра вызваленьне трох населеных пунктаў на поўдні і ўсходзе Ўкраіны

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце заявіў аб дасягнутым прагрэсе падчас контранаступу ўкраінскай арміі, які пачаўся на мінулым тыдні.

Па словах Зяленскага, украінскія вайскоўцы вызвалілі два населеныя пункты на паўднёвым кірунку і адзін — у Данецкай вобласьці, прасунуўшыся на кірунку Лісічанск — Северск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі вывеў украінскую дэлегацыю з Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе

Раней 4 верасьня намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка апублікаваў выяву салдат, якія падымаюць украінскі сьцяг над сялом. Яно, паводле слоў Цімашэнкі, знаходзіцца ў паўднёвым раёне, які зьяўляецца асноўным кірункам контранаступленьня.

«Высакапольле. Херсонская вобласьць. Украіна. Сёньня», — напісаў Цімашэнка ў сваім пасьце ў фэйсбук пад фатаздымкам трох салдат на даху будынка, адзін зь якіх умацоўвае ўкраінскі сьцяг.

Высакапольле разьмешчана на поўнач ад паўвострава Крым, анэксаванага Расеяй у лютым-сакавіку 2014 году. Херсонскую вобласьць Украіны акупавалі расейскія войскі ў пачатку ўзброенага канфлікту. Лісічанск расейскія вайскоўцы захапілі ў пачатку ліпеня падчас бітваў за шахтарскі рэгіён Данбасу на ўсходзе Ўкраіны, у які таксама ўваходзіць горад Северск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі папярэдзіў эўрапейцаў, што іх чакае цяжкая зіма