«Газпром» аб'явіў, што спыняе працу газаправоду «Паўночны паток» на нявызначаны тэрмін

Расейская дзяржаўная газавая кампанія «Газпром» заявіла, што тэхнічнае абслугоўваньне адзінай працоўнай турбіны газаправоду «Паўночны паток» выявіла няспраўнасьці і пакуль іх ня выправяць, пастаўкі газу будуць цалкам спыненыя.

Прапампоўка газу з Расеі ў Нямеччыну па трубаправодзе «Паўночны паток» была спынена 31 жніўня, як сьцьвярджалася, на плянавае тэхабслугоўваньне. Газаправод павінен быў ізноў пачаць працу 3 верасьня.

Сутачны абʼём паставак газу з канца ліпеня складаў 20% ад плянавай магутнасьці. У кампаніі заявілі, што прычынай скарачэньня паставак стала пашкоджаньне яшчэ аднаго газатурбіннага рухавіка на кампрэсарнай станцыі «Партовая».

Прадстаўнікі Эўразьвязу мяркуюць, што дзеяньні кампаніі «Газпром» зьяўляюцца спробай аказаць ціск за ўведзеныя супраць Расеі санкцыі. 5 жніўня Эўрапейская рада зацьвердзіла рашэньне аб добраахвотным зьніжэньні спажываньня газу на 15%, якое будзе дзейнічаць да 31 сакавіка 2023 году. Мэтай гэтага кроку была эканомія напярэдадні зімы, каб «падрыхтавацца да магчымых перабояў у пастаўках газу з Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газаправод «Паўночны паток» спыніўся на тры дні. Расейцы сьцьвярджаюць, што прычына — рамонт

Старшыня Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен 2 верасьня паведаміла, што ў Эўракамісіі прапануюць абмежаваць цану на расейскі трубаправодны газ, каб перашкодзіць спробам расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна маніпуляваць энэргетычным рынкам ЭЗ. У адказ на гэта намесьнік старшыні Савета бясьпекі Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што Эўропа сутыкнецца з адсутнасьцю расейскага газу, калі ўвядзе абмежаваньні цэнаў на яго.