Супрацоўнікі Запароскай АЭС расказалі аб пагрозах ад расейскіх вайскоўцаў напярэдадні візыту МАГАТЭ
ЗАЭС, здымак 22 жніўня 2022 году
Некалькі супрацоўнікаў Запароскай АЭС ананімна расказалі выданьню The Telegraph, што расейскія вайскоўцы пагражаюць пэрсаналу акупаванай станцыі напярэдадні візыту інспэктараў ААН і МАГАТЭ на АЭС.
Паводле словаў аднаго з суразмоўцаў выданьня, некалькіх супрацоўнікаў затрымалі дома ці па дарозе на працу, а колькасьць цывільных людзей на станцыі была зьменшаная да мінімуму.
«Наша кіраўніцтва замоўчвае гэта, каб не ствараць паніку, а людзі, якія вяртаюцца пасьля гэтых сутарэнных «гутарак», наогул нічога ня кажуць. Нядзіўна, калі падчас візыту місіі яны раптам пачнуць казаць тое, што ім загадалі, — разважае крыніца The Telegraph. — На пэрыяд візыту яны плянуюць зьвесьці да мінімуму прысутнасьць нашага пэрсаналу, а ў кожную дыспэтчарскую пасадзіць па пары сваіх прадстаўнікоў, якія будуць гучна крычаць, як яны чакалі «вызваленьня ад кіеўскага рэжыму», — папярэджвае ён.
Працаўнікі ня могуць больш праводзіць рэгулярныя вучэньні і кантраляваць дзейнае абсталяваньне станцыі, паколькі вайскоўцы забараняюць перамяшчэньне па тэрыторыі ў начны час.
«Яны ставяць сваё абсталяваньне ў машынных залях і забараняюць праход, гэта ўвесь час выклікае канфлікты паміж супрацоўнікамі і войскамі РФ, — кажа крыніца The Telegraph. — Адчуваньне, што мы ў турме строгага рэжыму: пастаянны псыхалягічны ціск, няма магчымасьці зьвязацца з сем’ямі, таму што адключылі ўсялякую сувязь, забаранілі мабільныя тэлефоны», — апісаў абстаноўку на АЭС яшчэ адзін з супрацоўнікаў станцыі.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. З таго часу Кіеў і Масква неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў абстрэлах тэрыторыі побач з АЭС. На станцыі пры гэтым працягвае працаваць украінскі тэхнічны пэрсанал.
ААН заклікала Расею і Украіну стварыць вакол станцыі дэмілітарызаваную зону. З аналягічным заклікам выступала Ўкраіна, заклік падтрымалі некалькі краінаў, у тым ліку ЗША і дзяржавы ЭЗ. Масква заяўляе, што расейскія вайскоўцы разьмешчаныя на АЭС толькі для яе аховы ва ўмовах вайны.
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) ужо некалькі тыдняў настойвае на адпраўцы сваёй місіі на Запароскую АЭС, адзначаючы, што з-за вайны атамная станцыя аказалася «цалкам па-за кантролем».