Расея прапанавала новы плян разьлікаў у Эўразійскім эканамічным зьвязе: плацяжы ў нацыянальных валютах і адыход ад SWIFT

Сьцягі дзяржаў ЭАЭЗ

Раней праз санкцыі ад сыстэмы SWIFT адключылі шэраг расейскіх і беларускіх банкаў.

Расея мае намер прапанаваць новы плян разьлікаў на тэрыторыі ЭАЭЗ. Паводле яго, стане больш плацяжоў у тэнге, драмах і сомах, пры гэтым дзяржавы могуць адысьці ад сыстэмы SWIFT пры ўзаемным гандлі. Як піша РБК, гэтыя прапановы абмяркуюць на пасяджэньні Эўразійскай міжурадавай рады, які праходзіць 25 і 26 жніўня ў Кіргізстане.

Прапанову вынесе на абмеркаваньне міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Рашэтнікаў.

У прэс-службе расейскага ўраду выданьню пацьвердзілі, што на парадку дня сапраўды востра стаіць пытаньне пашырэньня выкарыстаньня нацыянальных валют дзяржаў – членаў ЭАЭЗ. У склад эканамічнага зьвязу ўваходзяць Беларусь, Армэнія, Казахстан, Кіргізстан і Расея.

Раней у расейскім МЗС заяўлялі, што плацяжы ў нацыянальных валютах ужо займаюць 75% ва ўзаемаразьліках краін ЭАЭЗ. Прычым доля даляра ўпала да 21% ад агульнага аб’ёму апэрацый. Большасьць плацяжоў у нацыянальных валютах прыпадае на расейскі рубель, затым ідуць тэнге і беларускі рубель.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У чэрвені расейцы вывелі за мяжу максымум валюты з 2018 году

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ЭЗ — 9,6%, у Беларусі — 18,1%. Як расьце інфляцыя ў Беларусі і сьвеце і што з гэтым рабіць