Украінскія войскі зноў нанесьлі ўдары па лягістыцы Расеі ў акупаваных Новай Кахоўцы і Херсоне
Антонаўскі мост у акупаваным Расеяй Херсоне пасьля ўдараў у ліпені
Начальніца аб’яднанага каардынацыйнага прэсавага цэнтру Сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк паведаміла, што ўкраінскія войскі наносяць удары па гідратэхнічных збудаваньнях на поўдні Ўкраіны.
«Учора нанесьлі ўдары па Кахоўскім мосьце. Гэта гідратэхнічнае збудаваньне складанае, таму праца нашай артылерыі досыць філігранная і акуратная, якая накіравана менавіта на разбурэньне плянаў ворага выкарыстаць гэты аб’ект. Мы „карэктуем“, у тым ліку, і іхныя рамонтныя работы, то бок (наносім) удары і па рамонтнай тэхніцы, якую яны туды падцягваюць, і па плітах, якімі намагаюцца латаць гэтыя дзіркі, і па Антонаўскім мосьце, які яны спрабуюць рэанімаваць», — сказала начальнік аб’яднанага каардынацыйнага прэсавага цэнтру Сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк 22 жніўня на брыфінгу.
У той жа час яна не ўдакладніла, у якім стане цяпер знаходзяцца гэтыя масты. Раней пісалі, што Кахоўскі мост практычна немагчыма экслюатаваць.
Шэраг украінскіх тэлеграм-каналаў паведамілі, што 22 жніўня пасьля чарговага ўдару ўкраінскіх войскаў Антонаўскі мост разваліўся на дзьве часткі. Паводле ўкраінскага журналіста Андрэя Цапліенкі, снарад пацэліў у расейскі «КамАЗ», які ў час абстрэлу перавозіў зброю.
Кахоўскі мост знаходзіцца ў Новай Кахоўцы Херсонскай вобласьці і выконвае функцыі дамбы на Дняпры, дзе пабудаваная Кахоўская ГЭС. Станцыя зьяўляецца скрыжаваньнем некалькіх агульнадзяржаўных аўтамабільных і чыгуначных дарог. Праз дамбу з Запарожжа, Дніпра і Кіева можна праехаць у Херсон, Мікалаеў і Адэсу.
Антонаўскі мост — адзіны ў Херсоне мост цераз Дняпро, які злучае горад зь левабярэжжам. Яго працягласьць каля паўтара кілямэтра, шырыня — 25 мэтраў.
Абодва масты кантралююцца войскамі Расеі, гэта ключавыя пераправы цераз Дняпро. Па іх адбываецца забесьпячэньне групоўкі расейскіх войскаў у Мікалаеўскай, Запароскай і Херсонскай абласьцях. Калі гэтыя збудаваньні будуць цалкам разбураныя, расейцы застануцца бяз сувязі і забесьпячэньня.