«Ніякая Ўкраіна не ваюе сёньня». Лукашэнка чарговым разам заяўляе, што не плянуе нападу і бамбаваньня з тэрыторыі Беларусі

Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня Пружанскага раёну на Берасьцейшчыне заявіў, што не плянуе нападу на Ўкраіну.

«Вы ня думайце, што я тут пляную нейкі напад, вось Украіну будзем бамбаваць з тэрыторыі Беларусі і гэтак далей, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Няма ў мяне ніякага жаданьня, каб вашы і мае дзеці ваявалі. У імя чаго? Нам трэба ўціхамірыцца».

Разам з тым ён сьцьвярджае, што «ніякая Ўкраіна не ваюе сёньня». «Сёньня з Расеяй ваюе ўвесь блёк NATO і Амэрыка найперш», — заявіў Лукашэнка.

На ягоную думку, «Эўропа б ужо даўно спыніла гэтую вайну», калі б «ЗША не працягвалі з дапамогай Польшчы падганяць баявыя дзеяньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне расказалі пра абстраляны зь Беларусі аб’ект. Расея актывізавала артылерыйскія ўдары па гарадах пасьля выбухаў у Крыме

Лукашэнка сказаў, што Беларусь «стала прытулкам для тысяч украінцаў», якія цяпер атрымліваюць беларускае грамадзянства.

«Як яны працуюць! І рады. Чаму? Бо яны гора перажылі, яны перанесьлі вайну. І гэта нашы людзі. Мы іх не павінны крыўдзіць», — заявіў ён.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 19 жніўня, 46 841 украінскі грамадзянін прыбыў у Беларусь з 24 лютага.

15 жніўня Лукашэнка надаў беларускае грамадзянства 341 ураджэнцу Ўкраіны.

  • 24 лютага Расея пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней, актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
  • 21 ліпеня ў інтэрвію францускаму інфармацыйнаму агенцтву «Франс Прэс» Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што зь Беларусі ва Ўкраіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расейскіх войскаў. Пазьней паўночныя тэрыторыі Ўкраіны былі вызваленыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Washington Post: Януковіч у сакавіку прыехаў у Беларусь, каб пасьля захопу расейцамі Кіева ачоліць Украіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Украіны: «Словы прадстаўніка Мінабароны Беларусі супярэчаць словам Лукашэнкі, які наўпрост прызнаў саўдзел у расейскай агрэсіі»