Маці загінулага ва Ўкраіне беларуса, якая прыняла за яго ўзнагароду, гэта вядомая гомельская выкладчыца, якую рэпрэсавалі

Натальля Суслава

Камандзір роты выведкі Павал Волат, які стаяў каля вытокаў утварэньня Палка Каліноўскага, і загінуў 15 траўня падчас выкананьня баявой задачы на поўдні Украіны, паведамляецца на старонцы палка ў Фэйсбуку.

Рашэньнем Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны пасьмяротна прадстаўлены да ўзнагароды: мэдаля «Україна понад усё!». У палку правялі воінскі рытуал перадачы ўзнагароды загінулага камандзіра. Мэдаль Паўла Волата перадалі яго маці Натальлі.

«Хлопчыкі, я жадаю вам, каб вы ўсе вярнуліся ў Беларусь з перамогай!» — зьвярнулася да байцоў Палка Каліноўскага маці Паўла Волата. Гэта Натальля Суслава, былая выкладчыца расейскай літаратуры ў Гомельскім дзяржунівэрсытэце імя Францішка Скарыны. Яна кандыдатка філялягічных навук. Увосень 2020 году яе двойчы пакаралі арыштам (8 і 10 сутак) за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Пасьля вызваленьня яна дала інтэрвію Свабодзе і расказала, у прыватнасьці, што адным зь яе студэнтаў быў Сяргей Ціханоўскі. Пазьней Суслава звольнілася з унівэрсытэту. Яна напісала дзьве заявы — на далучэньне да страйку і на звальненьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічу помсту шляхетным пачуцьцём». Гомельская выкладчыца і кандыдатка навук расказала пра 8 сутак арышту

У гэты дзень рэкруты Палка Каліноўскага прынесьлі ўрачысты зарок на вернасьць Беларусі і пакляліся біцца за яе свабоду і незалежнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спачатку эўфарыя ад «імпэрскай велічы», потым — расчараваньне і апатыя. Калі настае стомленасьць ад вайны