Украінскі «Энэргаатам» паведаміў пра новыя абстрэлы Запароскай АЭС расейскімі вайскоўцамі

Запароская АЭС

Украінскае ядзернае агенцтва «Энэргаатам» паведаміла, што расейскія вайскоўцы зноў абстралялі Запароскую АЭС.

«Зафіксавана пяць „прылётаў“ у раёне камэндатуры станцыі — непасрэдна побач з участкам зваркі і сховішчам крыніц выпраменьваньня. На невялікім участку загарэлася трава, але, на шчасьце, ніхто не пацярпеў, — цытуе паведамленьне „Настоящее время“. — Яшчэ пяць „прылётаў“ адбыліся ў раёне пажарнай часткі, разьмешчанай непадалёку ад ЗАЭС».

У «Энэргаатаме» адзначылі, што сытуацыя на станцыі знаходзіцца пад кантролем.

Так званы кіраўнік Запароскай абласной адміністрацыі, якога прызначылі расейскія войскі, Яўген Баліцкі абвінаваціў у абстрэлах УСУ. Ён заявіў, што «зафіксавана мінімум тры прылёты ў раёне сховішча радыяактыўных ізатопаў». Паводле яго слоў, у выніку абрыву ліній электраперадач пачаўся пажар на полі, на месцы працуюць пажарныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МАГАТЭ папярэдзіў пра рызыку «ядзернай катастрофы» на Запароскай АЭС

Запароская АЭС — самая буйная атамная электрастанцыя ў Эўропе, разьмешчаная ў горадзе Энэргадары, які апынуўся пад кантролем расейскіх вайскоўцаў у сакавіку гэтага году. АЭС раней зазнала абстрэлы 5 і 7 жніўня.

У выніку, як паведамляў «Энэргаатам», пацярпелі электрычная падстанцыя «Прамень», таксама ўдары прыпалі на пляцоўку АЭС каля аднаго з энэргаблёкаў, дзе знаходзіцца ядзерны рэактар. Адзін з трох працуючых энэргаблёкаў быў адключаны. Украіна і Расея абвінавацілі ў абстрэлах адна адну.

Украінскае ядзернае агенцтва ў сваіх сацыяльных сетках таксама пісала пра меркаванае мінаваньне Запароскай АЭС і пляны расейскіх вайскоўцаў нібыта падарваць АЭС. Расейскі бок адмаўляе мінаваньне станцыі і называе гэтую інфармацыю «ўкідам ад Захаду».

  • 10 жніўня кіраўнікі МЗС краінаў «вялікай сямёркі» заклікалі Расею неадкладна вярнуць Украіне кантроль над Запароскай АЭС. Расея ў той жа дзень заклікала правесьці пасяджэньне Рады бясьпекі ААН, каб абмеркаваць «украінскія абстрэлы» ЗАЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рызыкі ўцечкі вадароду і распыленьня радыеактыўных рэчываў»: пасьля абстрэлаў адключылі адзін з энэргаблёкаў Запароскай АЭС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна: Расея стварае ўдарную групоўку для захопу Крывога Рогу і нанесла ўдары побач з Запароскай АЭС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: дзеяньні расейскай арміі падарвалі бясьпеку Запароскай АЭС