Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: Расея стварае ўдарную групоўку для захопу Крывога Рогу і нанесла ўдары побач з Запароскай АЭС


Украіна заявіла, што Расея пачала ствараць ударную вайсковую групоўку, накіраваную на родны горад прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, Крывы Рог, і папярэдзіла, што Масква, магчыма, рыхтуе новыя наступальныя апэрацыі на поўдні Ўкраіны.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Расея кантралюе паўднёвыя раёны Ўкраіны, якія яна захапіла на раньніх стадыях уварваньня, але Кіеў заявіў, што будзе весьці контранаступ.

Украінскія ўлады заяўляюць, што ўжо вярнулі пад свой кантроль 53 населеныя пункты ў Херсонскай вобласьці.

«Расея пачала ствараць ударную групоўку ў напрамку Крывога Рогу. Таксама цалкам верагодна, што праціўнік рыхтуе контранаступ з далейшым плянам выйсьці на адміністрацыйную мяжу Херсонскай вобласьці», — заявіла паўднёвае вайсковае камандаваньне Ўкраіны.

Украінская кампанія «Энэргаатам» паведаміла, што расейскія войскі сёньня нанесьлі некалькі ўдараў побач з прамысловай пляцоўкай Запароскай АЭС.

Пазьней кампанія паведаміла, што ў выніку абстрэлу пацярпела электрычная падстанцыя «Луч».

У выніку другога абстрэлу, як сьцьвярджае «Энэргаатам», удары трапілі на пляцоўку АЭС каля аднаго з энергаблёкаў, дзе знаходзіцца ядзерны рэактар. Былі пашкоджаныя азотна-кіслародная станцыя і аб’яднаны дапаможны корпус. Паводле зьвестак кампаніі, ёсьць рызыка ўцечкі вадароду і распыленьня радыяактыўных рэчываў. У паведамленьні «Энэргаатаму» сьцьвярджаецца, што перад абстрэлам прадстаўнікі «Росатома» пакінулі станцыю.

Агенцтва ТАСС са спасылкай на прадстаўнікоў прызначанай Расеяй адміністрацыі Запароскай вобласьці паведаміла, што ўкраінскія войскі абстралялі тэрыторыю АЭС, у выніку чаго ўзьнік пажар, абарваныя дзьве лініі электраперадачы, неабходныя для функцыянаваньня энергаблёкаў.

Кіраўнік Днепрапятроўскай вобласьці Валянцін Разьнічэнка заявіў, што Расея выпусьціла 60 ракет па Нікапалі, разьмешчаным на супрацьлеглым ад Запароскай АЭС беразе Дняпра. Запароская АЭС знаходзіцца пад кантролем Расеі з таго часу, як расейскія войскі захапілі яе на пачатку вайны.

Украіна спрабуе ўзмацніць ціск на пазыцыі Расеі ў стратэгічна важнай Херсонскай вобласьці і выкарыстоўвае пастаўленую Захадам зброю далёкага радыюсу дзеяньня для нанясеньня ўдараў па расейскіх лініях забесьпячэньня і складах боепрыпасаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG