Украіна накіроўвае ноту пратэсту Беларусі штораз пасьля абстрэлу зь беларускай тэрыторыі

Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ўкраінскі бок кожны раз рэагуе на абстрэлы з тэрыторыі Беларусі дыпляматычнымі нотамі пратэсту.

«Мы падтрымліваем функцыянаваньне вельмі дакладнага мэханізму: на кожны абстрэл з тэрыторыі Беларусі ў кірунку тэрыторыі Ўкраіны мы рэагуем адпаведнымі нотамі пратэсту. Мы робім гэта для фіксацыі адпаведных фактаў, якія рана ці позна — мы працуем, каб гэта сталася рана — былі выкарыстаныя для пацьвярджэньня наданьня Беларусьсю сваіх прасторы і тэрыторыі для ажыцьцяўленьня расейскай агрэсіі супраць Украіны», — сказаў Дзьмітро Кулеба 11 жніўня на брыфінгу ў Кіеве, адказваючы на пытаньне Свабоды.

Кіраўнік МЗС Украіны дадаў, што фармальна беларуская амбасада працягвае дзейнічаць на тэрыторыі Ўкраіны.

«Што да графіку зьменаў працы беларускай амбасады, то, наколькі мне вядома, яна эвакуавалася з Кіева літаральна ў першыя тыдні вайны. Я памятаю гэты працэс. І з таго часу беларускія дыпляматы ў Кіеў не вярталіся, хоць юрыдычна амбасада працягвае функцыянаваць», — адзначыў Дзьмітро Кулеба.

Беларусь з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну дазволіла расейскім войскам выкарыстоўваць сваю вайсковую інфраструктуру, а таксама паветраную прастору для авіяцыйных удараў па тэрыторыі Ўкраіны. Дагэтуль Беларусь і Ўкраіна маюць дыпляматычныя дачыненьні, хоць беларускія дыпляматы амаль у поўным складзе на чале з амбасадарам Ігарам Сокалам выехалі з Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палымянае прывітаньне і 30 срэбранікаў». Кіеў апублікаваў запіс ад’езду амбасадара Беларусі з Украіны

У Беларусі ўкраінская амбасада працягвае працаваць і дапамагаць украінскім грамадзянам, якія выехалі ў Беларусь добраахвотна альбо іх незаконна вывезьлі расейскія войскі пры адыходзе з памежных зь Беларусьсю абласьцей Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня іх грамадзяне». Ці рэальна беларусу за мяжой атрымаць дапамогу ў амбасадзе?