Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня іх грамадзяне». Ці рэальна беларусу за мяжой атрымаць дапамогу ў амбасадзе?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць супрацоўнікаў амбасадаў Беларусі за мяжой скарочаная да мінімуму: у Літве — да аднаго консульскага працаўніка і трох тэхнічных, ва Ўкраіне — да пяці. У дзясятку краін Эўразьвязу Беларусь ня мае амбасадараў. Беларускія дыпляматы ў крытычнай сытуацыі ва Ўкраіне фактычна правалілі сваю місію, мяркуюць экспэрты.

Як цяпер працуюць беларускія амбасады за мяжой, ці здольныя яны дапамагчы суайчыньнікам?

Неляяльных паслоў пазвальнялі і пазбавілі дыпляматычных рангаў

Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пачаліся «чысткі» ў беларускіх амбасадах за мяжой. Першым у адстаўку адправілі амбасадара Славаччыны Ігара Ляшчэню, які падтрымаў патрабаваньні беларусаў правесьці новыя свабодныя выбары. За ім пасады і дыпляматычныя рангі страцілі амбасадары ў Латвіі — Васіль Марковіч і Гішпаніі — Павал Пуставы.

У 2021 годзе былі звольненыя прадстаўнікі Беларусі ў Францыі — Ігар Фісенка, у Чэхіі — Валеры Курдзюкоў, у Бэльгіі (па сумяшчальніцтве ў ЭЗ і NATO) — Аляксандар Міхневіч. Дыпляматы сыходзяць і самі: з МЗС на знак пратэсту супраць вайны ва Ўкраіне звольнілася консул Генэральнага консульства РБ у Мюнхэне Натальля Хвастова, якая патлумачыла прычыну ў сваёй службовай запісцы: «У сувязі з тым, што праца ўсіх дзяржаўных органаў РБ больш не грунтуецца на прынцыпах, замацаваных у законе».

Без кіраўнікоў засталіся дыпляматычныя місіі суседніх зь Беларусьсю краінаў. У кастрычніку 2020 году амбасадар Беларусі ў Польшчы Ўладзімер Чушаў быў адкліканы ў Менск для кансультацый і больш не вярнуўся ў Варшаву, там застаўся часовы павераны Аляксандар Часноўскі. У чэрвені зь Літвы зьехаў амбасадар Валеры Бараноўскі, які ў хуткім часе быў прызначаны новым паслом на Кубе. Такім чынам, на сёньняшні дзень у Літве застаўся адзін консульскі супрацоўнік і трое тэхнічных.

За апошнія паўтара года Аляксандар Лукашэнка не прызначыў ніводнага амбасадара ў краіны Эўразьвязу, а толькі здымаў іх. Новыя пасланьнікі прызначаныя ў Таджыкістан, Манголію, Бразылію, Паўднёвую Карэю, Іран, Кубу, іншыя краіны.

У лістападзе 2021 году на нарадзе па аптымізацыі замежных устаноў Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Навошта нам захоўваць свае пасольствы, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманьне? Навошта там поўны штат дыпляматаў, што адказваюць за кірункі, якія пастаўленыя на паўзу, мякка кажучы?»

Тэлефоны ў амбасадзе ў Кіеве альбо не здымалі, альбо адказвалі груба

На афіцыйным сайце амбасады Беларусі ва Ўкраіне ад пачатку ваенных дзеяньняў 24 лютага апублікавана тры паведамленьні: рэкамэндацыі беларускім грамадзянам з тэлефонамі гарачай лініі, заява Аляксандра Лукашэнкі і спачуваньні родным і блізкім старшыні Мікалаеўскага абласнога таварыства беларусаў «Голас Радзімы», якая загінула падчас бамбаваньня Мікалаева расейскімі войскамі.

24 лютага, калі пачалася вайна, многія беларусы разгубіліся: што рабіць, як зьехаць з Кіева? Шмат людзей спрабавалі зьвярнуцца ў амбасаду. Аднак, паводле іх словаў, там альбо наагул не здымалі слухаўку, альбо адказвалі груба.

Беларуска Ганна працуе ў сфэры рэклямы, з малой дачкой даўно жыве ў Кіеве. Яна была ў разгубленасьці, што рабіць, свайго транспарту ў яе не было. Удалося датэлефанавацца ў амбасаду — запыталася, ці могуць ёй там дапамагчы.

«Мне адказалі даволі груба, што „ў нас няма ні верталётаў, ні аўтатранспарту, ні грошай. Выбірайцеся самастойна“. Параілі дабрацца аўтатранспартам да пункту пропуску Макраны-Даманава на ўкраінска-беларускай мяжы», — расказала жанчына, якая вырашыла ўсё ж рухацца ў заходнім кірунку і больш за трое сутак дабіралася да Львова.

Партал «Зеркало» апублікаваў расказ беларуса пра тое, як 25 лютага пасажыры аўтобуса Кіеў — Менск, што вымушаныя былі вярнуцца зь мяжы, пад’ехалі да амбасады. Да іх выйшаў дыплямат і паведаміў, што нічым дапамагчы ня можа, маўляў, яны самі зьбіраюць рэчы.

«У той момант у Кіеве раздалася сырэна, пасажыры прасілі, каб ім дазволілі загнаць аўтобус у дворык, а іх схаваць у бамбасховішча. Але дыпляматы адмовілі».

З 27 лютага ў беларускай амбасадзе ў Кіеве, сьцьвярджаюць беларусы ва Ўкраіне, наагул не адказваў ніводзін тэлефон — ні гарадзкі, зь якога раней сакратарка магла пераключыць на дыпляматаў, ні мабільны тэлефон консула.

19 сакавіка 2022 году ўсе супрацоўнікі амбасады Беларусі на чале з паслом Ігарам Сокалам выехалі з Украіны. У якасьці прычыны эвакуацыі амбасадар Сокал назваў «невыносныя ўмовы працы — у прыватнасьці, пасольству заблякавалі ўсе фінансавыя рахункі, а супрацоўнікам нібыта паступалі «пагрозы фізычнай расправы».

«Амбасада ў Кіеве сваю місію праваліла»

Чаму ў крытычнай сытуацыі, калі пачалася вайна ва Ўкраіне, супрацоўнікі амбасады Беларусі ня здолелі дапамагчы людзям?

Палітоляг Усходнеэўрапейскага стратэгічнага форуму Анатоль Котаў тлумачыць, што ў крытычных сытуацыях амбасада найперш павінна дапамагаць грамадзянам сваёй краіны — нягледзячы на палітычныя ці непалітычныя разыходжаньні ў поглядах. Ніхто ня быў гатовы да таго, што вялікая колькасьць беларусаў, якія з розных прычын жылі і працавалі ва Ўкраіне, можа зьвярнуцца па дапамогу.

«Пачатак вайны быў стрэс-тэстам для беларускай амбасады. Амбасада сваю місію праваліла. Гэта відавочна на фоне амбасадаў іншых краінаў, найперш эўрапейскіх, ЗША, якія рабілі папярэднія захады, каб зьменшыць колькасьць сваіх грамадзян ва Ўкраіне. Наша гэтага не рабіла. Мабыць, устаноўка з цэнтру была — да апошняга рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. А гэта, канечне, адыграла сваю ролю.

Хоць тэлефоны павесілі, не дзіўлюся, што проста ня бралі слухаўку. Такая рэакцыя, каб абараніць саміх сабе. Не гатовыя беларускія амбасады нешта рабіць у крытычнай сытуацыі», — выказаў меркаваньне палітоляг Анатоль Котаў.

Былы дыплямат, аналітык Эўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павал Сьлюнькін таксама зьвяртае ўвагу, што правалены быў менавіта падрыхтоўчы этап, неад’емная частка той працы, якую павінны былі рабіць дыпляматы — папярэджваць сваіх грамадзян, даносіць інфармацыю пра небясьпеку.

«Чаму так адбылося — думаю, што супрацоўнікі амбасады не чакалі вайны, былі разгубленыя, яны чакалі інструкцый зь Менску. А ў краіне, дзе няма дэмакратычных інстытутаў, а ёсьць вэртыкальная падначаленасьць, кожны ўзровень баіцца праявіць ініцыятыву, зрабіць штосьці такое, за што яго могуць пакараць. Адсюль і няўзятыя слухаўкі, разгубленасьць: дыпляматы ня ведалі, што сказаць і што рабіць.

Але і ў людзей эмацыянальныя прэтэнзіі часта недарэчныя. Бо ў амбасадзе працуюць звычайныя людзі, у якіх няма ні верталётаў, ні транспарту, ні бронекамізэлек, ні грошай на квіткі. Усё, што яны могуць, — гэта дапамагаць кансультацыйна, інфармаваць, раіць, якія ёсьць шляхі», — перакананы аналітык Павал Сьлюнькін.

«Супрацоўнікі консульскай службы павінны скарачацца ў апошнюю чаргу»

24 сакавіка 2022 году ўкраінскі бок прыняў рашэньне скараціць колькасьць пэрсаналу пасольства Беларусі ва Ўкраіне да пяці чалавек.

У Літве, дзе апынулася шмат беларусаў, у амбасадзе засталося ўсяго чацьвёра супрацоўнікаў: адзін консульскі і трое тэхнічных. Чаму так здарылася і ці зможа такая мізэрная колькасьць супрацоўнікаў пасольстваў аказаць паўнавартасную дапамогу суайчыньнікам?

На думку Анатоля Котава, такое скарачэньне дыпляматаў адбылося не зьнянацку, а пасьлядоўна — у выніку канфлікту беларускага рэжыму з Эўропай, калі паціху адклікалі амбасадараў, скарачалі колькасьць супрацоўнікаў.

«Ва ўсёй гэтай сытуацыі шкада, напэўна, толькі адну службу — консульскую, якая якраз і павінна займацца дапамогай беларускім грамадзянам, нягледзячы на іх палітычныя ці іншыя погляды і асаблівасьці. Супрацоўнікі консульскай службы павінны скарачацца ў апошнюю чаргу. На жаль, не заўсёды беларускі бок прытрымліваецца гэтага прынцыпу. Натуральна, гэта непасрэдна ўплывае на ступень абароны правоў грамадзян Беларусі з боку дыпляматычных устаноў. Асабліва гэта відавочна на прыкладзе краін-суседак, дзе апынулася шмат беларусаў», — мяркуе экспэрт.

Чым бліжэй краіна да Беларусі, тым большы штат там павінна мець консульская служба. Цяпер гэта самая балючая тэма для суседніх зь Беларусьсю краінаў, лічыць і Павал Сьлюнькін.

«Шмат беларусаў жыве ў Польшчы, Літве, Латвіі. І калі няма дастатковай колькасьць консульскіх супрацоўнікаў, гэта адбіваецца на звычайных людзях. Вось зараз амбасады Літвы і Польшчы ў Беларусі выдаюць толькі гуманітарныя візы, бо яны абмежаваныя колькасьцю супрацоўнікаў — з прычыны дыпляматычных скандалаў іх вымусілі выехаць, і для беларусаў вельмі вострая праблема з выдачай візаў.

Або, напрыклад, сытуацыя ў беларускай амбасадзе Літвы. Беларусаў пасьля 2020 году ў Літве значна паболела, а ў амбасадзе застаўся толькі адзін консульскі супрацоўнік. Гэта вельмі моцна паўплывае на сувязі людзей са сваёй радзімай. То бок звычайны беларускі грамадзянін, якому трэба атрымаць нейкую даведку, пасьведчаньне, сутыкнецца зь цяжкасьцямі, змарнуе шмат часу, сутыкнецца зь нязручнасьцямі і праблемамі», — мяркуе аналітык Павал Сьлюнькін.

«Амбасады на тое і існуюць, каб вырашаць усялякія юрыдычныя казусы»

У многіх беларусаў, якія вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі з палітычных прычын, празь перасьлед на радзіме, канчаецца тэрмін дзеяньня пашпарта, правоў кіроўцы, чыстыя старонкі ў дакумэнце, узьнікае шмат юрыдычных пытаньняў. Многія беларусы апасаюцца зьвяртацца ў амбасады. Наколькі гэта небясьпечна — прыйсьці ў амбасаду са сваімі праблемамі?

«Ня думаю, што людзей затрымаюць ці будуць катаваць у амбасадзе. Рызыкі таго, што апазыцыянэра ці вядомага палітычнага дзеяча ў амбасадзе затрымаюць і вывезуць у Беларусь, мне здаецца, ня будзе. Хаця хтосьці дэкляраваў, што цяпер у краіне не да законаў.

Але ёсьць рызыка таго, што дапамога, якую павінна аказваць пасольства, хутчэй за ўсё, будзе аказвацца вельмі доўга. Памяняць пашпарт — можа заняць некалькі месяцаў, могуць быць нязручныя, непрыемныя размовы», — выказаў сваё меркаваньне экспэрт Анатоль Котаў.

На думку Паўла Сьлюнькіна, беларускія амбасады з 2020 году пазбаўлялі многіх беларусаў за мяжой магчымасьці атрымліваць дапамогу.

«Замежныя амбасады на тое і існуюць, каб вырашаць усялякія юрыдычныя казусы. Менавіта каб дапамагаць у складаных выпадках. А калі людзі зьвярталіся і казалі, што скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта, ім казалі, што яны павінны ехаць у Беларусь. З майго пункту гледжаньня, гэта злачынства дзяржавы супраць сваіх грамадзянаў, бо яны не аказваюць дапамогі сваім грамадзянам і штурхаюць людзей ехаць туды, дзе ім небясьпечна.

Зразумела, што дыпляматы клапоцяцца не пра інтарэсы сваіх грамадзян, а пра інтарэсы дзяржавы. Што будзе з гэтымі людзьмі на радзіме, іх мала цікавіць. І гэтыя правілы, што рабіць, а што не рабіць, — даводзяцца зь Менску. Супраць нас наша дзяржава ваюе. Пакуль гэтая праблема ня будзе мець крытычнай вагі, беларусы будуць сам-насам зь ёю», — мяркуе спадар Сьлюнькін.

«Трэба ствараць больш сур’ёзную беларускую дзяржаву ў выгнаньні»

Павал Сьлюнькін кажа, што зьвяртаў на гэтую праблему ўвагу замежных дыпляматаў, шмат дзе пра гэта нават і ня ведаюць. Што да прэтэнзій беларусаў, што замежныя амбасады, у прыватнасьці польская і літоўская, даюць беларусам нацыянальныя візы толькі на паўгода і ня больш як два разы запар, экспэрт кажа, што замежныя дзяржавы і не павінны «падстройвацца» пад беларусаў і мяняць сваё заканадаўства ці правілы.

«Гэта ня іх грамадзяне. Тут можна спадзявацца толькі на жэсты добрай волі — што нам дапамогуць, што ёсьць такія праблемы. Беларускія грамадзяне за мяжой зараз кінутыя», — мяркуе спадар Сьлюнькін.

Як усё ж дапамагчы беларусам, у якіх ёсьць праблемы з дакумэнтамі за мяжой? Анатоль Котаў перакананы, што трэба шукаць альтэрнатыўныя кірункі. І гэта заданьне для беларускіх дэмакратычных лідэраў.

«Колькасьць беларусаў за мяжой ужо такая, што можна спрабаваць выдаваць нейкія альтэрнатыўныя дакумэнты, якія будуць сьведчыць аб прыналежнасьці да беларускага народу і аб тым, што чалавек знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы ў выгнаньні.

Таму што якасьць паслуг у афіцыйных амбасадах і, што самае галоўнае, жаданьне аказваць гэтыя паслугі будзе толькі зьмяншацца. Таму трэба знаходзіць нейкія варыянты ў краінах, у якіх беларусы апынуліся, альбо ствараць больш сур’ёзную беларускую дзяржаву ў выгнаньні. Бо гэтыя праблемы будуць толькі нарастаць», — мяркуе палітоляг Усходнеэўрапейскага стратэгічнага форуму Анатоль Котаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG