Расея ня можа рэалізаваць перавагу ва ўзбраеньні на полі бою. Украіна працягвае зьнішчаць камандныя пункты расейцаў на поўдні

Вызваленая ўкраінскімі вайскоўцамі Мікалаеўка ў Херсонскай вобласьці, жнівень 2022 г.

У ноч на 11 жніўня паветраная трывога гучала ў чатырох абласьцях Украіны — Данецкай, Харкаўскай, Запароскай і Днепрапятроўскай. Вайсковыя экспэрты мяркуюць, што бакі рыхтуюцца да вырашальных баёў у жніўні і верасьні.

Новая атака на Нікапаль

Улады Днепрапятроўскай вобласьці сьцьвярджаюць, што па Нікапалі расейцы з «Градаў» выпусьцілі 120 рэактыўных снарадаў. Загінулі тры мясцовыя жыхары і яшчэ 9 атрымалі раненьні, у тым ліку 13-гадовая дзяўчынка.

У горадзе пашкоджаныя 40 шматпавярховых будынкаў, тры школы, дом дзіцячай і юнацкай творчасьці, некалькі крамаў, гаражы і машыны. Перабіта лінія электраперадач.

Расея вызначыла наступныя цэлі на Данеччыне

Расейскія войскі працягваюць атакаваць Бахмут, Салядар, Краснагораўку і Аўдзееўку.

Як сьцьвярджаюць у Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны, расейцы бяз посьпеху вялі наступальныя і штурмавыя дзеяньні і з стратамі вымушаны былі адступіць.

У выніку абстрэлаў і авіяўдараў на Данеччыне за мінулыя содні загінулі 11 мірных жыхароў, яшчэ 8 параненыя.

Міністэрства абароны Расеі ў сваіх штодзённых зводках заявіла, што ўкраінскае войска ў Дружкаўцы і Сіверску нібыта разьмяшчае вайсковую тэхніку ў жылых сэктарах. Так расейцы апраўдваюць свае ўдары па цывільным сэктары ўкраінскіх гарадоў з артылерыі і танкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адбіла тры атакі на Луганшчыне. У Днепрапятроўскай вобласьці ад расейскага абстрэлу загінулі 13 украінцаў

У Луганскай вобласьці расейцы спрабавалі атакаваць адразу ў васьмі кірунках

Улады Луганскай вобласьці сьцьвярджаюць, што перавага Расеі ва ўзбраеньні не забясьпечвае расейцам чаканага прагрэсу ў наступе. Паводле іх, расейскія войскі ўжо месяц ня могуць прасунуцца больш як на 10 кілямэтраў ад захопленага Лісічанску.

Паводле кіраўніка абласной адміністрацыі Сяргея Гайдая, расейцы штурмавалі адразу ў васьмі кірунках, але марна, паўсюль яны вымушаныя былі адступіць. Яшчэ на трох участках працягваюцца моцныя баі.

Украінцы зьнішчылі тры расейскія камандныя пункты на поўдні

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што цяпер ва ўкраінскай арміі істотна менш стратаў, чым у траўні. Дзякуючы новаму ўзбраеньню, якое Ўкраіна атрымлівае ад замежных партнэраў, украінскія вайскоўцы маюць магчымасьць наносіць мэтанакіраваныя далёкія ўдары.

Асноўная ўвага скіраваная на поўдзень. Там, як сьцьвярджае апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень», за апошнія содні ўдарылі па камандных пунктах 126-й асобнай брыгады берагавой аховы ВМФ Расеі, 49-й арміі, 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі і па двух складах з боепрыпасамі.

Апроч артылерыі, Украіна актыўна выкарыстоўвае на поўдні сваю штурмавую авіяцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: адначасовасьць выбухаў у Крыме выключае афіцыйную вэрсію Крамля

Трывалая акупацыя разбуральная для ўкраінскай дзяржавы

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што палітычныя, вайсковыя, эканамічныя ды іншыя наступствы працяглай расейскай ваеннай акупацыі паўднёвай і ўсходняй Украіны могуць стаць разбуральнымі для дзяржавы.

Паводле іх, прымусовая пашпартызацыя, увядзеньне расейскага рубля, «фільтрацыя» і іншыя «інтэграцыйныя» захады, якія ўжо ідуць на акупаваных Расеяй тэрыторыях, значна больш шкодныя для Ўкраіны, чым «рэфэрэндумы».

У той жа час экспэрты сьцьвярджаюць, што Крэмль, хутчэй за ўсё, перанясе дату «рэфэрэндумаў», якія плянаваліся на 11 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады анэксаванага Крыму пацьвердзілі сэрыю выбухаў на паўвостраве. Ёсьць загінулы і параненыя

Інстытут вывучэньня вайны таксама паведаміў, што ўкраінскія чыноўнікі назвалі напад 9 жніўня на Крым (на аэрадром «Сакі») пачаткам контранаступу на поўдні, а ў жніўні і верасьні чакаюць інтэнсыфікацыі баёў, якія могуць вызначыць вынік наступнага этапу вайны.

У той жа час экспэрты дагэтуль ня могуць вызначыць, што стала прычынай выбухаў у Крыме, дзе, паводле спадарожнікавых здымкаў, зьнішчана ня менш як 8 расейскіх вайсковых самалётаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.