Вугоршчына і Славаччына аплацілі транзыт расейскай нафты праз Украіну па нафтаправодзе «Дружба», які цяпер спынены

Вугорская нафтавая кампанія MOL і славацкая Slovnaft паведамілі, што аплацілі транзыт расейскай нафты праз Украіну па нафтаправодзе «Дружба» і чакаюць аднаўленьня паставак у найбліжэйшыя дні.

Пра гэта паведамляе чэскі інфармацыйны партал Novinky.cz. Прапампоўваньне нафты прыпынілі, таму што Расея не змагла аплаціць транзыт з прычыны ўведзеных супраць яе санкцый.

Аб спыненьні транзыту стала вядома ўчора, 9 жніўня, аднак фактычна спыніўся ён яшчэ 4 жніўня. Украінскі дзяржаўны апэратар магістральных трубаправодаў «Укртранснафта» не атрымаў грошай за прапампоўку ад расейскай «Транснафты», паведаміла кампанія. На гэтым фоне цэны на нафту 9 жніўня вырасьлі. Пасьля паведамленьня аб аплаце яны пачалі зьніжацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Транснафта» паведаміла аб спыненьні экспарту расейскай нафты ў Вугоршчыну, Чэхію і Славаччыну праз Украіну

У чэрвені Эўразьвяз узгадніў шосты пакет санкцый супраць Расеі, якія прадугледжваюць адмову ад расейскай нафты. Пад забарону не падпала трубаправодная нафта, якая дастаўляецца праз паўднёвую ветку «Дружбы». Вугоршчына і Славаччына паведамілі, што ня могуць хутка яе замяніць.