Эгіпэт прапанаваў Ізраілю і палестынцам падпісаць замірэньне

Апэрацыя «Сьвітанак» у сэктары Газы

Эгіпэт прапанаваў Ізраілю і Палестынскай аўтаноміі заключыць замірэньне. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы. Паводле іх інфармацыі, мірнае пагадненьне могуць заключыць ужо сёньня ўвечары.

Ізраіль пагадзіўся на замірэньне, палестынцы пакуль не адказалі на гэтую прапанову.

Армія Ізраілю 5 жніўня пачала апэрацыю «Сьвітанак» супраць палестынскай групоўкі «Ісламскі джыгад» у сэктары Газы. Прадстаўнікі ізраільскіх вайскоўцаў казалі, што баявыя дзеяньні працягнуцца столькі, колькі будзе неабходна.

Паводле дадзеных ізраільскіх СМІ, з пачатку апэрацыі з боку Газы па ізраільскай тэрыторыі было выпушчана амаль 600 ракет. Былі параненыя каля 30 ізраільцян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль заявіў аб ліквідацыі яшчэ аднаго камандзіра «Ісламскага джыхаду»

У выніку ізраільскіх атак па пунктах базаваньня «Ісламскага джыгаду» забітыя два камандзіры групоўкі — Халед Мансур і Тайсір аль-Джабары. Міністэрства здароўя Палестынскай аўтаноміі паведаміла пра 32 загінуўшых, сярод якіх шасьцёра дзяцей, і 253 параненых у выніку ўдараў Ізраілю. Армія аб абароны Ізраілю падала відэасьведчаньні таго, што гібель шасьцёх дзяцей былі вынікам падзеньня ракеты «Ісламскага джыгаду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль аднавіў абстрэлы сэктару Газы, заявіўшы аб папераджальных ударах

Абвастрэньне араба-ізраільскіх супярэчнасьцяў пачалося ў панядзелак, калі на тэрыторыі Заходняга берагу ракі Ярдан быў арыштаваны адзін зь лідэраў «Ісламскага джыгаду» Басам ас-Саадзі. «Ісламскі джыгад» абвясьціў, што не пакіне арышт свайго лідэра без адказу. Ізраільская выведка паведаміла пра тэракты, якія рыхтуюцца з боку ісламістаў. У пятніцу Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю.