Канадзкі канкурэнт «Беларуськалію» ацаніў падзеньне яго продажаў на сусьветным рынку ў 50%

«Беларуськалій» каля Салігорску. Архіўнае фота

Паводле ацэнак канадзкай кампаніі Nutrien – найбуйнейшага вытворцы калію і трэцяга па велічыні вытворцы азотных угнаеньняў у сьвеце – пастаўкі калію з Расеі і Беларусі ў першай палове 2022 году скараціліся прыкладна на 25 і 50 працэнтаў адпаведна.

«Цяперашні канфлікт паміж Украінай і Расеяй і міжнародная рэакцыя прывялі і працягваюць прыводзіць да патэнцыйна шырокамаштабных наступстваў для зьменлівасьці глябальнага рынку і эканамічных умоў, уключаючы цэны на энэрганосьбіты і сыравінныя тавары, , — гаворыцца ў дакумэнце Nutrien. — Некаторыя краіны, уключаючы Канаду, ЗША, Аўстралію, увялі строгія фінансавыя і гандлёвыя санкцыі супраць Расеі, а Расея і Беларусь увялі ўласныя санкцыі ў адказ, якія пацягнулі за сабой вялікія наступствы для глябальнай эканомікі, цэнаў на энерганосьбіты і сыравінныя тавары, харчовай бясьпекі і забесьпячэньня і цэнаў на пажыўныя рэчывы для сельскагаспадарчых культур».

У дакладзе адзначаецца, што большая частка беларускага экспарту ўгнаеньняў прыпала на першы квартал бягучага года.

Абмежаваньне паставак зь Беларусі і Расеі вымусіла Nutrien звузіць дыяпазон прагнозу збыту калію ў 2022 годзе да 61-64 млн тон у 2022 годзе. Чакаецца, што далей попыт будзе абмежаваны лімітам на экспарт з Расеі і Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларуськалій» ад санкцый пачаў экспарт праз Расею і спыніў адзін руднік на рамонт

У справаздачы кампаніі згадваецца таксама складаная сытуацыя на рынку азотных угнаеньняў. Так, рэзкі рост цэнаў на прыродны газ у Эўропе зноў прывёў да зьніжэньня аб’ёмаў вытворчасьці азоту ў рэгіёне. Скарачэньне паставак аміяку ў Эўропу і значнае скарачэньне расейскага экспарту аміяку з Чорнага мора ціснуць на глябальную даступнасьць аміяку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тры мільярды эўра і забарона транзыту для «Белкалію». Колькі каштаваў Беларусі Пратасевіч

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Коммерсантъ»: Беларусь пачала адгрузку калію праз расейскія парты