Візыт кіраўніка самаабвешчанай «ДНР» Пушыліна ў Берасьце: яшчэ менш сувэрэнітэту

Дзяніс Пушылін. Архіўнае фота

Няма ў Беларусі ўжо ніякага сувэрэнітэту, яна акупаваная Расеяй, Пушыліным больш, Пушыліным менш — розьніцы няма, — скажа іншы чытач.

Я з такім меркаваньнем не пагаджуся. Сувэрэнітэт — рэч падзельная, яго можна быць больш ці менш. Іншы погляд парадаксальным чынам робіць няважнымі рэчы, якія насамрэч важныя.

Прыйдуць ізноў у Беларусь дзясяткі тысячаў расейскіх вайскоўцаў ці не — а якая розьніца, яна ж усё роўна акупаваная.

Прызначаць расейцы замест цяперашніх беларускіх чыноўнікаў сваіх кіраўнікоў «вайскова-цывільных адміністрацыяў», як у Херсоншчыне і Запарожжы — ну і што, дык і цяперашнія як бы імі ж і прызначаныя.

Мне падаецца, што розьніца ўсё ж ёсьць і такія сафізмы недарэчныя.

І візыт у Берасьце кіраўніка самаабвешчанай «ДНР» Дзяніса Пушыліна — гэта яшчэ адзін крок дзеля зьмяншэньня, скасаваньня сувэрэнітэту Беларусі.

Цікава адзначыць, што афіцыйнае агенцтва БелТА пра гэты візыт не паведаміла. Матывацыя, напэўна, такая — гэта прыватны візыт, Беларусь гэтую самую «ДНР» не прызнала, з чаго паведамляць?

Але падставы паведамляць насамрэч ёсьць хаця б таму, што «дарагога госьця» суправаджалі кіраўнік партыі «Единая Россия» Андрэй Турчак і амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў. Для высокапастаўленых прадстаўнікоў расейскай дзяржавы візыт Пушыліна ў Беларусь — зусім не прыватны.

Вельмі паказальна, што, паводле першых паведамленьняў зь беларускіх афіцыйных крыніц, ніхто зь беларускіх афіцыйных асобаў Пушыліна і яго паплечнікаў не сустракаў і не суправаджаў. Пазьней сам Пушылін напісаў пра сустрэчы зь беларускімі чыноўнікамі.

З 24 лютага вайсковы сувэрэнітэт Беларусі страчаны. У лютым-сакавіку зь беларускай тэрыторыі расейскія войскі нападалі на Ўкраіну, зь беларускай тэрыторыі і тады, і пазьней ва Ўкраіну ляцелі ракеты і бамбавікі. Нядаўна Лукашэнка заявіў, што гэта ўсё адбывалася зь яго згоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Наш удзел у спэцапэрацыі мною вызначаны даўно»

Але 24 лютага ён бездапаможна тлумачыў, што даведаўся пра расейскія ракетныя ўдары зь Беларусі... са СМІ. А напярэдадні 24 лютага кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей абяцаў, што расейскія войскі, якія прыехалі на манэўры, пакінуць краіну 20 лютага.

Так што згода на выкарыстаньне беларускай тэрыторыі ў ваенных мэтах калі і была, то не выглядала і не выглядае добраахвотнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы з тэрыторыі Беларусі абстралялі Ўкраіну «Іскандэрамі», вядома пра 25 запускаў ракет

Але да апошняга часу здавалася, што прынамсі ў пытаньнях унутранай палітыкі беларуская ўлада да пэўнай ступені захоўвае самастойнасьць. Ужо якой была тая палітыка — гэта асобная размова.

Аднак што адбылося насамрэч у Берасьці? Туды прыбывае кіраўнік сэпаратысцкага, мяцежнага рэгіёну Ўкраіны, і яго там цёпла прымаюць афіцыйныя высокапастаўленыя прадстаўнікі Расейскай Фэдэрацыі. Дык яны там, відаць, ужо і ёсьць улада. На сваёй «рускай» зямлі яны прымаюць свайго госьця.

І гаспадарамі сёньня ў Берасьцейскай крэпасьці былі спадары Турчак і Грызлоў. А беларускія чыноўнікі, што берасьцейскія, што менскія, — нікім.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.