Беларусі трэба перанакіраваць 40 працэнтаў экспарту пасьля закрыцьця рынкаў Эўразьвязу і Ўкраіны

Прэм’ер ураду Беларусі Раман Галоўчанка

Пасьля закрыцьця эўрапейскіх і ўкраінскіх рынкаў Беларусі трэба перанакіраваць свой экспарт у іншыя краіны на суму ў 16 млрд даляраў, — сказаў прэмʼер-міністар Раман Галоўчанка.

Раман Галоўчанка выступіў з такой заявай на пасяджэньні ўрада Беларусі. Як паведамляе прэс-служба ўрада, прэмʼер-міністар Раман Галоўчанка заявіў:

«Фактычнае закрыцьцё або абмежаваньне паставак на заходні і ўкраінскі рынкі для нашых тавараў паставіла задачу па пераарыентацыі экспартных патокаў у абʼёме не менш як 16 млрд даляраў ЗША. Вырашэньне гэтага пытаньня непасрэдна зьвязана з забесьпячэньнем стабільнай работы эканомікі дзяржавы і дабрабыту грамадзян.

З улікам наяўных дамоўленасьцяў значную частку экспарту мы плянуем перанакіраваць на рынкі іншых дзяржаў і нашага стратэгічнага партнэра — Расеі. І гэта ўжо адбываецца — за студзень–травень экспарт у Расею вырас на 17%.

Іншыя кірункі экспарту — гэта краіны „далёкай дугі“, якія ў большасьці сваёй застаюцца дружалюбнымі для Беларусі. У першую чаргу гэта Кітай, Індыя, Віетнам, Інданэзія. Але абʼёмы беларускага экспарту ў гэтыя краіны па выніках 5 месяцаў пакуль дастаткова сьціплыя».

Паводле зьвестак Белстату, экспарт тавараў з Беларусі ў 2021 годзе склаў 39,9 млрд даляраў ЗША. Перанакіраваць трэба 40% ад іх.

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Беларусі за яе падтрымку расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Таваразварот Беларусі з Эўразьвязам скараціўся на чвэрць

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна аднавіла пастаўкі нафтапрадуктаў пасьля дэфіцыту, выкліканага бамбаваньнем нафтабаз і спыненьнем імпарту зь Беларусі