Хроніка перасьледу 25 ліпеня: 2 гады калёніі за відэа расейскай вайсковай тэхнікі, 2 гады «хатняй хіміі» — за абразу Лукашэнкі

Аляксандар Лучыновіч

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Чыгуначніку з Гомля прысудзілі 2 гады калёніі за перадачу відэа расейскай вайсковай тэхнікі

21 ліпеня суд Гомельскай вобласьці вынес рашэньне па справе палітвязьня Аляксандра Лучыновіча, якога абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 1 арт. 361-4 КК «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Справу разглядаў Аляксей Хлышчанкоў.

Праваабаронцы паведамляюць, што абвінавачанаму 44 гады, да арышту жыў у Гомлі, дзе працаваў правадніком рэзэрву.

Лучыновіча затрымалі сёлета 31 сакавіка на працы — у Гомельскім аддзяленьні Беларускай чыгункі. Падчас затрыманьня ў мужчыны забралі тэлефон, а калі яго праглядзелі, склалі на яго пратакол паводле арт. 19.11 КаАП, па якім і асудзілі да адміністрацыйнага арышту.

Пасьля «сутак» на волю Аляксандар ня выйшаў — яго перазатрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 361-4 КК «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Мужчыну абвінавачвалі ў перадачы тэлеграм-каналу «Беларускі гаюн» відэа расейскай вайсковай тэхнікі, якая прасоўвалася па тэрыторыі Беларусі. Вядома, што тыя фатаздымкі ў «Беларускі гаюн» Аляксандар даслаў яшчэ тады, калі гэты тэлеграм-канал ня быў прызнаны экстрэмісцкім.

15 красавіка Лучыновіча зьмясьцілі ў гомельскі СІЗА-3 і прад’явілі абвінавачаньне.

Падчас судовага пасяджэньня, на якім разглядалася крымінальная справа, Аляксандар сваёй віны не прызнаў, але супрацоўнічаў са сьледзтвам і расказаў, што сапраўды запісаў на відэа калёну расейскай вайсковай тэхнікі і даслаў тое відэа ў бот «Беларускага гаюна».

21 ліпеня Лучыновіча пакаралі 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскага тату-майстра Алега Фалея пакаралі 15-сутачным арыштам

Жыхарку Баранавічаў пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі

25 ліпеня суд Баранавіцкага раёну і Баранавічаў разгледзеў справу мясцовай жыхаркі Кацярыны Івановай.

Судзьдзя Мікалай Кміта абвінаваціў Кацярыну ў абразе Лукашэнкі па ч. 2 арт. 368 КК і пакараў яе 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Даведацца, як менавіта жанчына абразіла Лукашэнку, праваабаронцам не ўдалося.

Меру стрыманьня абвінавачванай суд пастанавіў замяніць з хатняга арышту на падпіску аб нявыезьдзе да ўступленьня прысуду ў законную сілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 ліпеня: 2 гады калёніі за камэнтар у «справе Зельцара»

Фігуранты «карагоднай справы» Канановіч і Арцецкі выйшлі на волю

27-гадовага жыхара Пружанаў Сяргея Канановіча затрымалі 24 сакавіка 2021 году па «справе карагодаў», узбуджанай па падзеях акцыі пратэсту 13 верасьня 2020 году ў Берасьці, калі пратэстоўцаў разагналі вадамётам. У судзе Ленінскага раёну Берасьця летась 30 жніўня Сяргея абвінавацілі па арт. 342 КК і прысудзілі яму паўтара года «хіміі». З 11 сьнежня 2021 году Сяргей пачаў адбываць тэрмін у віцебскай папраўчай установе № 9. Сёньня, 25 ліпеня, Канановіч выйшаў на волю, паведамляюць праваабаронцы.

Берасьцейца Аляксея Арцецкага таксама абвінавацілі па «карагоднай справе». 15 сакавіка 2021 году ў судзе Ленінскага раёну Берасьця палітвязьню прысудзілі 1 год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. За кратамі Аляксея ўтрымлівалі больш за 16 месяцаў. Ён выйшаў на волю 23 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агучылі прысуд шостай групе фігурантаў «карагоднай справы»